21.12.2016 / 20:14

Намеснікам старшыні ЦВК абраны Вадзім Іпатаў, сакратаром — Алена Дмухайла

Намеснікам старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў абраны Вадзім Іпатаў, сакратаром — Алена Дмухайла. Адпаведнае рашэнне прынятае 21 снежня на першым пасяджэнні новага складу ЦВК, паведамляе БелаПАН.

Іпатаў быў намеснікам старшыні ЦВК папярэдняга складу, Дмухайла з'яўлялася загадчыцай арганізацыйна-прававога аддзела апарату камісіі, а пасля смерці сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка стала выконваць яго абавязкі.

Пасады Іпатава і Дмухайлы ў Цэнтрвыбаркаме былі ўзгодненыя з Аляксандрам Лукашэнкам 25 лістапада.

Тэрмін паўнамоцтваў папярэдняга складу Цэнтрвыбаркама скончыўся 20 снежня. У гэты ж дзень Лукашэнка прызначыў членамі камісіі Алену Дмухайлу, Вадзіма Іпатава, Сяргея Каліноўскага, Марыну Рахманаву і Алега Сліжэўскага, а старшынёй камісіі — Лідзію Ярмошыну. Усе яны былі ў папярэднім складзе ЦВК.

21 снежня Савет Рэспублікі даў згоду на прызначэнне Ярмошынай старшынёй Цэнтрвыбаркама, а таксама абраў яшчэ шэсць членаў камісіі. У выніку тайнага галасавання членамі ЦВК сталі намеснік начальніка галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама Андрэй Гуржый, начальнік юрыдычнага аддзела Магілёўскага аблвыканкама Вольга Дарашэнка, член ЦВК з 2009 года загадчыца кафедры гаспадарчага права Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога Святлана Кацуба, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Аляксандр Ласякін, начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Мінгарвыканкама Ігар Плышеўскі, першы намеснік начальніка галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Ірына Цалікавец.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру