У беларускамоўным інтэрнэце пачаліся стыхійныя акцыі салідарнасьці з чатырма арыштаванымі былымі сябрамі «Белага легіёну».

Каб выказаць сваю падтрымку і салідарнасьць зь Сяргеем Чыславым, Ігарам Корсакам, Міраславам Лазоўскім і Віктарам Ляшчынскім карыстальнікі livejournal‑у масава ставяць сабе на аватаркі эмблему «Белага легіёну» — знак спарыш.

Варта адзначыць, што гэта ўжо ня першая падобная акцыя салідарнасьці ў Белнэце. Варта згадаць хаця б выпадкі з Андрэем Кімам і Зьмітром Жалезьнічэнкам, але ў выпадку зь «Белым легіёнам» падобная акцыя салідарнасьці ўпершыню мае такі размах.

Арганізацыя «Белы легіён» была заснаваная на пачатку 1990‑х часткай маладзейшых сяброў зьліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) на базе ягонага моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі). Арганізацыя складалася пераважна з вайскоўцаў-адстаўнікоў і адукаванае моладзі.

Арганізацыя ўзьнікла як рэакцыі на пагрозы незалежнасьці Беларусі, якія тады рэальна існавалі. Колькасьць удзельнікаў «Белага легіёну» не перавышала 200 чалавек. Аднак сам факт яго існаваньня быў важным знакам гатоўнасьці беларусаў выступіць на абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту. У гэтым сэнсе «Белы легіён» адыграў пазытыўную гістарычную ролю, натхняючы тых юнакоў, чые нацыянальныя пачуцьці сама фармаваліся. Варта адзначыць, што сябры арганізацыі ніколі ня браліся за зброю і ня ўцягваліся ў экстрэмісцкую дзейнасьць. У тым вялікае адрозьненьне між «Белым легіёнам» і, напрыклад, РНЕ.

Дзейнасьць арганізацыі дасягнула апагею ў 1999-м, калі пагроза незалежнасьці была найбольшай, і згарнулася ў 2000-я, пасьля зьмены палітычнай сытуацыі.

ЗП

* * *

Камэнтар Рэдакцыі

Па іроніі лёсу ў хуліганстве на Дзень незалежнасьці западозрылі арганізацыю, створаную для абароны незалежнасьці і распушчаную пасьля зьнікненьня пагрозы незалежнасьці. КДБ выбраў яе ў якасьці ахвярнага казла, каб апраўдацца за правал 4 ліпеня і каб пагнаць хвалю на апазыцыю. Той самы КДБ, які для нашай незалежнасьці ў 90-я палец у палец ня ўдарыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0