Беларускай мове больш за тысячу гадоў. А лёгка даказвае гэта мяжа між беларускай і ўкраінскай мовамі.

Выказванні кіраўніка Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Рашэтнікава на адрас беларускай мовы — маўляў, яе прыдумалі бальшавікі — ускалыхнулі людзей.

Прапаганда Рашэтнікава абвяргаецца вельмі проста.

Поўная русіфікацыя Беларусі адбылася толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Да сярэдзіны ХХ ст. абсалютная большасць людзей у краіне гаварыла па-беларуску.

Межы распаўсюджання беларускай мовы навукоўцы зафіксавалі ў ХІХ ст.

Межы беларускіх і рускіх гаворак прыкладна адпавядаюць ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага. Мяжа польскай і беларускай мовы праходзіла па мяжы Падляшша, якое калісьці ўваходзіла ў ВКЛ, а не ў Карону. 

А вось па якой лініі праходзіць мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак? Дык вось, яна не супадае ні з якімі вядомымі межамі пісьмовых часоў. Значыць, яна сфармавалася ў дапісьмовыя часы — прынамсі, у першым тысячагоддзі нашай эры.

Фармаванне беларускай мовы найчасцей звязваюць з часамі Вялікага Княства Літоўскага. Прыхільнікі тэорыі «старажытнарускага адзінства» лічаць, што перад тым усходнеславянскія народы гаварылі на адной мове. Але ёсць факты, якія абвяргаюць гэтую тэорыю. 

Калі цяпер большасць людзей гаворыць па-расейску з мясцовай фанетыкай і асобнымі мясцовымі словамі, то — цяперашняй моладзі гэта можа быць дзівосна — яшчэ 30 гадоў таму, у 1980-я гады ў вёсках суцэльна, а ў гарадах у хаце з выключнай чысцінёй гаварылі па-свойму, а па-расейску не гаварыў ніхто, акрамя прыезджых з Расіі і вузкага русіфікаванага слою.

«Свая мова» панавала абсалютна ва ўсіх неафіцыйных сітуацыях.

Навукоўцы ў ХІХ і ХХ ст. правялі дасканалыя даследаванні дыялектаў [С.П. Мікуцкі — 1855, П.А. Гільтэбрант — 1866, Я.Ф. Карскі — 1904, 1905, 1917, пасля Бузук у 1920-я ўдакладніў іх адносна Палесся].

Акадэмік Яўхім Карскі.

Акадэмік Яўхім Карскі.

Яны паказалі, у тым ліку, і мяжу беларускіх і ўкраінскіх гаворак. На поўнач гэта беларускія гаворкі (хадзіць або ходзіці, рабіць або робіці, конь, лес, дзень). На поўдзень гэта ўкраінскія гаворкі (ходыты, робыты, кінь, ліс, дэнь). І толькі на самай мяжы ёсць месцамі гаворкі сапраўды пераходныя, дзе адны рысы — беларускія, а другія — украінскія.

Дарэчы, на думку мовазнаўцы Хведара Клімчука, гаворку, блізкую да мовы Кіева XI ст., сёння можна пачуць у Гарадной Столінскага раёна — тысячу гадоў таму яна была горадам, а цяпер гэта заштатнае пасяленне, дзе, праўда, захаваліся векавыя традыцыі рамесніцтва.

Гаворкі Баранавіч, Ружанаў, Ваўкавыска належаць да паўднёва-заходніх дыялектаў беларускай мовы. Літаратурная ж мова, нагадаю, сфармавалася на аснове сярэднебеларускіх (паласа Вільня-Мінск-Гомель).

Я гавару тут пра мову, а не нацыянальную самаідэнтыфікацыю.

«Нацыянальнасць» — гэта позняе тварэнне, канструкт сучаснай эпохі. Нацыянальнасць пазнейшая за саманазвы, а вось мова і культурная, этнічная еднасць сфармаваліся ў прадаўнія часы, калі людзям яшчэ не было патрэбы сябе неяк нацыянальна называць.

Першая захаваная саманазва паводле дзяржаўнай і рэлігійнай прыналежнасці — гэта «русь, рускія, руськія людзі» — падданыя Русі, паства «рускай царквы». І яшчэ «літвіны, літва, літоўскія людзі» — падданыя Літвы, жыхары Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта гэтыя назвы захаваліся, дзякуючы доўгай наяўнасці адпаведнай царквы ці нядаўняй дзяржавы. У часы ж тых першых супольнасцяў людзі дзялілі чалавецтва на «сваіх» і «несваіх». «Гавары па-свойму» — гэта сціплая формула першай тоеснасці дажыла да нашых дзён.

Калі дапусціць, што да часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавалі толькі племянныя дыялекты, а мовы й культуры раздзяліліся ў XIII—XVI стагоддзях, то іх межы павінны супадаць з нейкімі межамі пасля тых часоў. А не супадаюць!

Некаторыя кажуць, што беларуская і ўкраінская мовы раздзяліліся пасля Люблінскай уніі. Але ж тая мяжа Вялікага Княства і Кароны праходзіла не там, дзе праходзіць мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак сёння!

Ніякай дзяржаўнай мяжы, мяжы «адукацыйнай» ці рэлігійнай, мяжы «дзяржаўнай, канцылярскай» мовы па гэтай лініі ніколі ў часы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР не было.

І татальных міграцый — каб большасць насельніцтва замянялася на іншую — пісьмовая гісторыя не зафіксавала.

Межы моваў, дыялектаў праходзяць па межах цяперашніх ці былых дзяржаваў, асобных тэрытарыяльных адзінак. Або па межах рассялення старадаўніх плямён.

Трэба даволі доўгі часавы перыяд, каб сфармавалася асобная мова. Скажам, сербы і харваты ўтварылі асобныя дзяржавы, прынялі розныя рэлігіі, жылі ў розных гаспадарствах тысячу гадоў і нават мелі непрыязныя адносіны, але пры гэтым гаварылі на адной мове, якую доўгі час называлі сербскахарвацкай. А вось жыхары, напрыклад, Ваўкавыска і Луцка, Турава і Дубровіцы ад летапісных, ад Х ст., часоў жылі ў адных і тых жа дзяржавах, з адной сістэмай адукацыі, адной рэлігіяй, але ў выніку ў ХХ ст. па-ранейшаму гаварылі на розных мовах — адны «дзекалі», а другія «ікалі».

Адкуль жа такая выразная моўная мяжа?

Мяжа беларускай і ўкраінскай мовы азначае, што гаворкі, якія тут ёсць, сфармаваліся раней за ВКЛ, раней за ХІІІ ст.

А раней — гэта калі? Навукоўцы даюць некалькі тлумачэнняў.

Фёдар Клімчук адносіць фармаванне беларускай мовы да часоў так званай банцараўска-тушамлянска-калочынскай культуры (пачатак V — першая палова VIII ст. н. э.). Ён звяртае ўвагу на супадзенне яе археалагічнага арэалу і зоны беларускіх гаворак.

Менавіта тады, сцвярджае выдатны расійскі гісторык Валянцін Сядоў, на тэрыторыі Беларусі ішла метысізацыя славян з балтамі. Прычым Сядоў звязвае паскарэнне гэтага працэсу з прыходам у раён Дняпра, Дзвіны і Нёмана славян з Дуная. Яны сталі рухацца стуль групамі, гнаныя хвалямі качэўнікаў (гунаў, пасля авараў), што занялі Падунаўе. І яны прынеслі ў Беларусь вопыт, сфармаваны культурнымі ўплывамі і гаспадарчымі практыкамі з межаў былой Рымскай імперыі. На той момант на тэрыторыі Беларусі суіснавалі іншыя славяне і балты, да іх далучыліся дунайскія славяне, выводзіць на аснове археалагічных звестак Сядоў.

Дарэчы, генетычныя даследаванні паказалі супадзенні пэўных рысаў беларусаў менавіта з дунайскімі народамі (у іншых жа рысах беларусы супадаюць з расейцамі і ўкраінцамі).

Валянцін Сядоў у сваіх працах па гісторыі славян паказаў, як межы археалагічных культур, а пазней — дзяржаваў супадаюць з арэаламі сучасных дыялектаў і моваў. Аднак канкрэтна факт беларуска-ўкраінскай моўнай мяжы застаўся, здаецца, па-за ягонай увагай.

Ад тых часоў не засталося пісьмовых помнікаў. Толькі гарадзішчы ляжаць — даволі магутныя гарадзішчы.

Цікавы момант, што гарадзішча Банцараўшчына, якое па сваіх памерах і размяшчэнні магло быць адным з «цэнтраў» той першай беларускай «супольнасці», знаходзіцца акурат каля Мінска, які, дзякуючы свайму размяшчэнню ў цэнтры Беларусі, стаў сталіцай БНР, а пасля і БССР.

Клімчук мяркуе, што менавіта тады, у тыя адносна спакойныя часы, адбылася кансалідацыя насельніцтва ў трох рэгіёнах (Беларусь, Заходняя Расія і Паўночная Украіна) і ўтварыліся этнакультурныя супольнасці, якія далі аснову сучасным беларусам, украінцам, расейцам.

Калі развіць думку Клімчука, вынікае, што ў часы «Аповесці мінулых гадоў» беларускія гаворкі ўжо існавалі, і менавіта на іх гаварылі крывічы, дрыгавічы, радзімічы. І ўкраінскія гаворкі ўжо існавалі (на іх гаварылі паляне, валыняне, драўляне і г.д.) і расейскія (на іх гаварылі славене, вяцічы плюс рана асіміляваныя чудзь, мурама, мяшчэра…).

Той факт, што мяжа беларускай і ўкраінскай мовы не супадае ні з якімі дзяржаўнымі ані адміністратыўнымі граніцамі часоў пасля ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, можа быць патлумачаны толькі тым, што беларуская і ўкраінская мовы сфармаваліся раней за паўстанне першых летапісных дзяржаваў, раней за «шматковую імперыю Рурыкавічаў», г. зв. Кіеўскую Русь.

Ніякага іншага тлумачэння той моўнай мяжы няма.

* * *

Некалькі даведкавых момантаў

«Старажытнарускае адзінства» — падставовы міф расійскай імперскай гістарыяграфіі. Маўляў, быў адзін народ, а пасля ён раз’яднаўся. За адмаўленне старажытнарускага адзінства пры саветах у горшыя часы гісторык мог трапіць у Сібір, а ў лепшыя — страціць працу.

Мова — магутная аснова нацый Усходняй Еўропы. Моўнае адзінства стагоддзямі супадала з культурным адзінствам: аднолькавымі нормамі жыцця, стандартамі працы, маралі. Вось на грунце таго прадаўняга адзінства і паўсталі нацыянальныя ідэі Новага часу. Народы — гэта даўнія і жыццястойкія супольнасці.

Больш на гэтую тэму Вы можаце прачытаць па наступных спасылках:

brama.brestregion.com

wikipedia.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?