Варвара Каравулава (Аляксандра Іванова).
Суд прызнаў былую студэнтку Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Каравулаву вінаватай у спробе далучыцца да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» і прысудзіў яе да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Тэрмін пакараньня будзе вылічацца з 27 кастрычніка 2015 году. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода з залі суду.
Адвакат Каравулавай Сяргей Бадамшын заявіў, што абарона абскардзіла прысуд і лічыць яго занадта жорсткім.
Бок абвінавачаньня прасіў асудзіць дзяўчыну да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
Напярэдадні Каравулава выступіла з апошнім словам, у якім папрасіла суд аб літасьці. Яна заявіла, што перапісвалася з членам «Ісламскай дзяржавы» ня як з баевіком, але як з каханым чалавекам. Свае ўцёкі з дому яна назвала вялікай памылкай.
Студэнтка філязофскага факультэту МДУ Варвара Каравулава (зьмяніла імя на Аляксандру Іванову) была затрыманая ў чэрвені 2015 году пры спробе перасекчы турэцка-сырыйскую мяжу. У лістападзе ў дачыненьні да яе была заведзена крымінальная справа.
Бацькі Каравулавай тлумачаць яе дзеяньні закаханасьцю ў меркаванага вярбоўшчыка «Ісламскай дзяржавы».