22.12.2016 / 20:26

У Непале 15-гадовая дзяўчына задыхнулася праз традыцыю ізаляваць жанчын падчас менструацыі 3

У многіх непальскіх супольнасцях лічыцца, што жанчын падчас менструацыі трэба ізаляваць. Жанчын і дзяўчат на некалькі дзён адпраўляюць у хлеў, дзе многія пачынаюць хварэць, становяцца ахвярамі гвалту ці паміраюць. У 2005 годзе гэтую традыцыю абвясцілі незаконнай, але выпадкі гібелі жанчын праз ізаляцыю не спыняюцца. Апошнім прыкладам стала смерць 15-гадовай Рошані Цірувы, якая задыхнулася, не даўшы рады з развядзеннем агню ў хляве.

14-гадовая дзяўчына, якую ізалявалі ад грамадства па традыцыі чаупадзі. Люты 2014 года. Фота: Navesh Chitrakar / Reuters / Scanpix / LETA

Цела 15-гадовай Рошані Цірувы знайшоў яе бацька побач з каменнай халупай у вёсцы Гайра, якая знаходзіцца ў 440 кіламетрах ад сталіцы Непала Катманду, піша The Guardian. «Пакуль мы чакаем заключэння экспертаў, але асноўная версія прычыны смерці — удушша, — паведаміў інспектар паліцыі Бадры Прасад Дхакал. - Яна развяла агонь, каб сагрэцца ў хляве перад сном. Але ў ім не было вентыляцыі».

Рошані Цірува апынулася ў хляве не па сваёй волі: згодна з індуісцкай практыкай чаупадзі, жанчын падчас менструацыі замыкаюць у хлявах і адрынах, часта ўдалечыні ад дома. Лічыцца, што ў гэты час жанчына нячыстая, а таму яе месца побач з жывёламі. Ёй нельга дакранацца да мужчын, хатніх гадаванцаў і начыння, гародніны і садавіны. Мыцца і выкарыстоўваць гігіенічныя сродкі — таксама нельга. Есці можна толькі рыс з соллю, піць — ваду.

У грамадствах, дзе практыкуюць чаупадзі, вераць, што праз асаблівасці менструальнай крыві, калі жанчына ў гэты час дакранецца да дрэва — яно ніколі не будзе пладаносіць; калі вып'е малака — карова больш не будзе даваць малако; калі будзе чытаць кнігу, раззлуецца багіня мудрасці Сарасваці; калі дакранецца да чалавека — ён захварэе.

Падчас першай менструацыі дзяўчыну замыкаюць на 10-11 дзён, потым тэрмін зняволення скарачаецца да 4-7 дзён. Таксама ізалююць жанчын адразу пасля родаў — на 10-11 дзён.

Паводле справаздачы ААН, акрамя самой зневажальнай працэдуры жанчыны падчас чаупадзі пакутуюць яшчэ ад дыярэі, пнеўманіі, нападу атрутных змей і п'яных мужчын і нават згвалтаванняў. Акрамя таго, чаупадзі павялічвае статыстыку дзіцячай смяротнасці.

Афіцыйных дадзеных пра колькасць жанчын, якія падвяргаюцца чаупадзі, не існуе, аднак, паводле справаздач ААН, жанчыны падчас чаупадзі паміраюць кожны год. На думку экспертаў арганізацыі, праблема пагаршаецца тым, што ў Непале няма сэксуальнай адукацыі і мала хто разумее, чаму ў жанчын кожны месяц пачынаецца менструацыя.

Вярхоўны суд Непала забараніў практыку чуападзі яшчэ ў 2005 годзе, але ў некаторых рэгіёнах гэтая традыцыя па-ранейшаму папулярная. Актывісты лічаць, што ўрад надае недастаткова ўвагі гэтай праблеме, але чыноўнікі з імі не згодны: яны ўпэўненыя, што хутка традыцыю перамагчы нельга.

0
Stary_los' / Адказаць
22.12.2016 / 21:28
Дикость
3
Между Протчым / Адказаць
22.12.2016 / 21:52
мудрасць продкаў (сарказм)
9
фцф / Адказаць
22.12.2016 / 21:54
Меnsos - то божая кара жанчыне. Толькі за што? За тое, што Бог мужчына. Вось калі ён памяняе пол, то і жанчыне стане лягчэй. Затое заменструююць мужыкі ...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру