23 снежня каля 17.00 у Гродне ў выніку аўтамабільнай аварыі загінуў ксёндз Тадэвуш Вышынскі, прафесар гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, паведамляе catholic.by.
Няшчасны выпадак здарыўся на вуліцы Белуша. Мяркуецца, што 86-гадоваму святару стала блага за рулём «Фальксвагена», аўтамабіль вылецеў з праезнай часткі і ўрэзаўся ў дрэва.
На месца ДТЗ прыбылі супрацоўнікi МНС, якія выцягнулі пацярпелага з разбітай машыны. Стан кіроўцы ацэньваўся як вельмі цяжкі і пазней ён памёр, удакладняе hrodna.life.
Ксёндз Тадэвуш Вышынскі нарадзіўся 26 красавіка 1930 г. на Беласточчыне. Асноўную філасофскую і тэалагічную адукацыю атрымаў у Тэалагічным інстытуце ксяндзоў-місіянераў у Кракаве, спецыяльную — у Варшаве, Любліне і Парыжы.
У Гродне працаваў з 1992 г. На працягу ўсіх гэтых гадоў выкладаў дагматычную тэалогію і спевы ў гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі.