На форуме «Літары» «Славамір Адамовіч. Жывая проза» зьявіліся допісы паэта Славаміра Адамовіча пра народнага паэта Беларусі Анатоля Сыса. Адамовіч, нагадаем, перабывае на эміграцыі ў Нарвэгіі, Сыс памёр год таму.

Сыс

Год таму я вярнуўся быў на Радзіму,у Беларусь. Вярнуўся зь неверагоднымі для цьвярозага прыгодамі,а ты ўзяў ды …пайшоў.Не дачакаўся нашай сустрэчы…Зрэшты,прызнаюся,я ня надта каб і думаў пра цябе тады,год таму.Быў,ведаеш,вельмі заняты сабой,не хацеў,не хацеў прапасьці ні за панюх.І,галоўнае,прапасьці раней часу.А ты узяў ды і згарнуў свае лахі пад пахі…

Ну а сёньня,сёньня можна і пагаварыць.Дух твой цяпер вольны ад твайго пракіслага сівухай цела.Дух твой цяпер лётае,дзе хоча.

Ня так даўна наш агульны знаёмец Глобус падказаў мне напісаць пра цябе.Маўляў,напішы,напішы,Адамовіч,пра нашага героя,нашага пакутніка Анатоля Сыса…

Вось я і пішу.Пішу пра цябе,Анатоль Ціханавіч,Ціханаў сын,пра тое,якім я цябе бачыў і якім помню.

Галоўнае пытаньне,на якое будуць адказваць твае біёграфы і дасьледчыкі тваіх вершаў,чаму ты так страшна піў,курыў і тым самым проста самахоць гвалтаваў сваё маладое прыгожае цела?І сапраўды,чаму?..

Але вернемся давай у 80-я,гадоў на 20 назад.У 1986-м мы былі ўжо знаёмыя.А вось дзе і калі мы пазнаёміліся,гэтага ня помню.Затое добра помню першае знаёмства з табой п а г а н ы м.Я пакуль сабой займуся,а ты пакуль сам паўспамінай.Прыгадай,Толя,як ты пачынаў…

Ты ўжо даруй,доўга я хадзіў па сваіх справах.ну але ж ты цяпер можаш чакаць колькі заўгодна.Ты цяпер па-за часам,па-за жаданьнямі…

Дык вось,хацелася мне ўспомніць першую нашу сустрэчу,калі я ўбачыў цябе п а г а н ы м. Сядзелі мы тады ў бары яшчэ нашага Дому літаратара.І што цікава,сябрамі Саюзу пісьменьнікаў мы яшчэ ня былі,а ў бары адчувалі сябе сваімі.А ты,я думаю,проста гаспадаром пачуваўся.

Сядзім мы,значыцца,п’ём алкаголь.Помню,быў там,здаецца,Федарэнка,астатніх зафіксаваў для гісторыя хіба што мой дзёньнік.

П’ём з нагоды нашай агульнай сустрэчы,нашага сьвежага яшчэ знаёмства на нейкім літсэмінары,які праходзіў ,па-мойму, у Іслачы.Я тады тусаваўся ў літкампаніях хутчэй авансам,чым як паўнавартасны пісака.Я ж тады толькі пачынаў практыкаваць у паэзіі,і пахваліцца мог толькі парай-тройкай зацемак у рабочым лістку «Кіравец» ды ў сканалай сёньня «Чырвонай змене».Ну а піць я ўжо ўмеў - хто ж ня ўмеў піць у эсэсэры!

Вось і пілі,пілі гарэлку,закусвалі салам,магчыма і тваім,гарошкаўскім.ну а ты ўжо быў кароль,кароль,хоць яшчэ і голы,і таксама бяз кніжак.І вось дастаеш ты нечакана(тут гэтае слова я ўжываю ў простым яго сэнсе,а не для зьвязкі),дастаеш,знача,разажваны кавалак сала са свайго ўласнага каралеўскага роту і соваеш яго мне пад нос:на,маўляў,еж,закусвай!І тут жа з усьмешкай: што,гідзісься?!

З гэтага моманту пачаўся твой п а г а н ы поступ у нашай паэзіі.З гэтага сальнага закусону пачалася твая самапальная, самазьнішчальная ў жыцьці і ў творчасьці гульня ў трагедыю вакол героя.

Твой сальны выбрык мяне,вядома,уразіў.Уразіў ня столькі як учынак,бо ўчынкаў тых за свае тады 24-ы я пасьпеў нагледзіцца,а як учынак аднаго з тых сапраўдных маладых беларусаў,хто ўжо пасьпеў заявіць пра свае прэтэнзіі на месца ў вялікай беларускай паэзіі і «браўся ў рожкі» з тадышнім Саюзам пісьменьнікаў.

Што было далей?

Далей мая ўласная біяграфія пачала напаўняцца рознабаковым і вунь якім багатым экспірыенсам.На фоне кадэбэшных ды іншых жыцьцёвых атак на маю тады сьціпленькую асобу твой сальны фінт сківіцамі хутка рабіўся посным,аж пакуль я не закінуў гэты эпізод у спраты памяці.

Здаецца,у 1988-м выйшоў твой цудоўны першы зборнічак «Агмень»(у толькі што распачатай сэрыі «Бібліятэчка «Маладосьці»«),у 1989-м пабачыў сьвет твой другі і апошні зборнік арыгінальных вершаў - «Пан Лес».Чытаў я твае вершы з непадробнай эстэтычнай і нават фізіялагічнай асалодай.Для мяне ,студэнта філфаку БДУ,ты стаў арыенцірам у паэзіі,ці,калі хочаш,кавадлам,неверагодна жывым і гарачым,на якім я мог выпрабоўваць і гастрыць свае ўласныя вершы і ўчынкі…

У 1990-м у той жа сэрыі выйшаў і мой першы зборнічак «Кальварыйскія клёны».

І тады я нясьмела сказаў сабе:ну вось,здаецца і ты нешта можаш,можаш складаць вершы ў рыфму.А раз так,то можаш і большае.Праўда,чым павінна быць гэта «большае»,заставалася мне няясна.

А час ішоў і я выразна бачыў,што лепшага за цябе ў паэзіі пакуль няма.Пісалі ўсе,а роўнага табе відаць не было.І тады, пасьля сваёй першай кніжачкі,я ціха-ціха сказаў сабе:роўным табе буду я.Пра «большае» ня думаў,але роўным быць сабе загадаў.Ну а ты,ты яшчэ быў каралём.Ужо ня голым,бо меў дзьве кніжкі,меў свой «Пацір».Ты яшчэ выступаў перад удзячнай аўдыторыяй…

Памятаю,годзе ў 90-м твой выступ у Доме літаратара.Прыгожы белы малады мужчына ў белых штанах і ў сьляпуча-белай нацыянальнай вышыванцы чытае на сцэне свае вершы з белых жа аркушаў паперы,якія пасьля прачытаньня кідае ў залю і вакол сябе.Чытае па-сапраўднаму,чыстым жывым голасам,зрэдзьчас запінаючыся,толькі зрэдзьчас,і гэта надае чытаньню надзвычайную натуральнасьць.І мова,натуральная беларуская мова як жа гучыць!

Тады ж я падумаў,што мы павінны быць разам,ісьці разам,плячо ў плячо па гэтым няпростым жыцьці.А каб ісьці разам,я мушу пісаць ня горш,а то і лепш.Ужо было бачна мне,што ні «тутэйшы» Сокалаў-Воюш(які ў тым жа годзе стаў «тамтэйшым»),ні Глобус,ні хто там яшчэ ня пойдуць побач з табой.І не таму,што росту не хапае,каб ісьці у рытме і патрапляць у твой упэўнены крок,а таму што энэргія вершаў іншая,рэзананс другі.

Тады мне здалося,што зрэзанаваць з тваёй энэргіяй магу я,ёсьць у мяне шанец…

А час ішоў!Ды які час - час пераменаў! Яшчэ толькі ў 1988-м выкладчык - ужо і прозьвішча забыўся - ледзь не падпольна знаёміў нас з вершамі Алеся Гаруна,а ўжо ў 1991-м канчаецца СССР.А ўжо ў 1992-м я абараняю ўніверсітэцкі дыплом па тэме «Паэзія беларускай эміграцыі».З пачаткам 90-х вялікая надзея апанавала нас,надзея на тое,што ўсё,пра што толькі марылі «айцы БССР» і нашы вялікія паэты,робіцца рэальным.Рэальным пры нашым жыцьці,і мы самі ё творцамі гэтай рэальнасьці.Мы,тутэйшыя,на вачох рабіліся Беларусамі!Праўда,ня ўсе пісалі патрыятычныя вершы і таўкліся на частых і шматтысячных менскіх мітынгах.Многія з нас,маладых і нават беларускамоўных ужо тралявалі з Польшчы дэфіцытныя транты,пральныя парашкі дзіцячыя малочныя сумесі.Але вось што заўважыў я:цябе,Толя,ужо практычна не было сярод першых,ну а сярод другіх з названай групы і пагатоў.З пачатку 90-х стала бачна,што ты інтэнсіўна дрэйфуеш у касту басякоў.Ты ўжо не пісаў новых вершаў,эксплуатаваў старыя,больш не відаць было тваіх белых убораў…Скажу проста:чым вышэй уздымаўся наш бела-чырвона-белы сьцяг, вось ён ужо - падумаць толькі! - палошчацца над беларускім Домам ураду,тым ніжэй апускалася твая статная постаць раскошнага белага чалавека.Ты,Ціханавіч,ужо толькі піў,піў па-чорнаму,як п’е рэдка хто,бяз кайфу,як нават сасьмяглы зьвер ня п’е,піў бяз людскай закускі і бяз людскіх таварышаў.

Было шкада мне ў пачатку 90-х,што сьвяткаваньне твайго паэтычнага трыюмфу неяк падазрона задоўжылася,распаўзлося ў часе.Я яшчэ шукаў апраўданьне тваім п’янкам то тымі,то іншымі абставінамі.Але чым больш я сам атрымліваў удараў ад жыцьця,тым менш у мяне заставалася для цябе апраўданьняў.Ну ня мог я паверыць ,што ты проста слабы,што проста ня можаш даць рады сваёй хуткаплыннай славе.Такі статны,прыгоды малады мужчына,аўтар такіх натуральных вершаў і - слабы да п’янай непрытомнасьці,немарасьці?Ня верыў!Але ж і інакшага,грунтоўнага апраўданьня не было.Ты проста банальна жэр любое сьпіртаноснае пойла.Надзея прайсьці разам па шырокіх разлогах нашай паэзіі хутка пакідала мяне.Мой крок мацнеў і толькі пружыніў на перашкодах,а твой рабіўся слабым і няўстойлівым.Цяпер я думаў:эх жа,гаўнюк!А маглі ж разам,разам чытаць на мітынгах нашы вітльныя вершы,арганізоўваць сапраўдныя жывыя перформансы,адкрываць цьвярозымі нагамі дзьверы ў чыноўніцкіх кабінетах,урэшце ж рэшт маглі разам забіваць стрэлкі дзяўчатам дзе-небудзь у Траецкім ці на Панікоўцы…

Дарэчы,адзн раз мы-ткі пакачаліся разам з табой і з нейкай ці не дачкой нейкага менскага прафесара.Сьмех прызнацца,але ты тады даў мне фору,бо дзявульля тая чамусь не грубіла мне і давала табе.Я тады проста зьвярэў,а ты ўдаваў на такога гжэчнага.Тады ж я пераканаўся,што ў палавой сферы ў цябе ўсё ў парадку.Што рэагуеш ты на жанчын,як нармальны мужык,і з гэтага боку прычынаў для татальнага п’янства ў цябе няма…

Зрэшты…

Як там дома,Толя?Зямля дзесь паруе,цьвітуць сады,асабліва ў вас на Гомельшчыне.Ральля пахне заараным у барозны гноем,белых лічынак хрушчоў выварочвае плуг на радасьць варонам.Паміж платоў точыцца крапіва і кволыя лісьцікі шчаўя на ўзьмежках.Гарачы ўзвар з маладой крапіўкі , кавалачак бараніны ці парсючка «для закрасу» і гогаль-могаль з жоўтых дамашніх яечак былі б самыя тыя лекі для твайго жывата,спакутванага «гАрай».Чуў такое слова? Яно ж у нас ,на славяншчыне, «інтэрнацыянальнае».Яно азначае «два ў адным» - самагонку бурачковую і чарніла пладова-ягаднае…

Дык як жа там дома,Толя?Як там наша Палесьсе, наша р у с а к о с а я я н ы ч а р ш ч ы н а? Як там нашы Тутэйшыя?

Маўчыш…Я вось што табе скажу:на нашай Радзіме,можа,і цяжка ,і брыдка жыць на цьвярозую галаву,але спачываць на ейных кладах,у ейнай тлустай,тарфяністай,падкладзенай падзолам глебе,я думаю,утульна,улежна,што называецца.Гэта ня тое,што на скандынаўскай скале ці ў якіх афрыканскіх плывунах…Наша зямля прыдатная як для бульбы,так і для кладоў.І класьціся трэба толькі ў яе,родную,толькі туды,у нашы мацерыковыя глыбіні…Ты ў іх лёг - надзейна,навечна.Ты ўжо ўкарэнены,а мяне яшчэ носіць…

Праўда,і тут,сноўдаючы па насеяных ветрам танюткіх наскальных грунтах Нарвегіі,я час ад часу заходжу ў віртуальную прастору і бачу,што да гадавіны твайго зыходу знаёмы табе народ сёе-тое зрабіў у і м я т в а ё.

Алесь Квяткоўскі адкрыў прысьвечаную табе выставу мастацкую ў Палацы чыгуначнікаў.Нездарма ён столькі к в а с і ў з табою апошнія гады - нешта ўсё ж і намаляваў,і нядрэнна,здаецца.

Нейкі Анцалот адкрыў сайт твайго імя.Там здымкі твае чорна-белыя,і ты ў той самай белай вышыванцы,і твар яшчэ малады…Хоць калі б доўга ўглядацца ў яго гадоў 20 таму,то то хто яго ведае,ці ня ўбачылі б мы на ім тую самую п я ч а т к у мая-2005?

Тут вось якое цікавае супадзеньне,Толя.Гэтымі днямі адзначаецца дзеньнараджэньня Зыгмуся Фрыда(ён жа Фройд,ён жа Фрэйд).Здольны быў аўстрыйскі жыдок,хоць за свае адкрыцьці ў галіне псіхааналізу ён стаў нялюбы і п р о с т а м у люду, і некаторым няпростым элітам. А сказаў ён,між іншым,і пра тое,якая ж сіла вядзе нас,чалавекаў,альбо да перамогі,альбо да …хуткага канца.Зыгмунд Фройд сказаў ,што намі рухаюць дзьве магутныя сілы:воля да жыцьця(Эрас) і воля да сьмерці(Танатас).І гэта,Анатоль,жалезная праўда.Не,мы ж ведаем,чалавек - істота наскрозь ілжывая,яму праўду прызнаць - гэта як воцату глынуць.Але факт застаецца фактам:ёсьць такія сілы - сіла ўверх і сіла ўніз.І ніякіх гарызанталяў.І табой,Ціханавіч,валодала прага самаразбурэньня,цягнула цябе ўніз неверагодна. І ніякіх прычын асаблівых,ніякіх!Проста кроў у цябе была благая,гнілая кроў.Толькі ў вершах ты і быў чысты.А зь целам сваім ты прагнуў расквітацца.Са сваім здаровым белым целам,з целам багатыра,у якім жыў чысты белмоўны дух.І чым мацней ты гнуў у дугу свой хрыбет,чым часьцей заліваў атрутай свае вантробы,тым менш заставалася месца твайму Духу.Аж пакуль з апошнім уздыхам не адляцеў ён ад твайго самахоць зьнявечанага цела.

Пра тое,што жыў ты ў палоне Танатаса,сьведчаць і твае б я с п о л ы я вершы,і тваё б я с п о л а е жыцьцё.Я ня памятаю цябе як палюбоўніка,я ня бачыў цябе ,апантанага Эрасам.А вершы твае - вершы на пераходны перыяд.Не,барані божа,не прахадныя!Але для пэўнага часу,актуалізаваныя.Праўда,адно мне цяжка зразумець:чаму ты напісаў свае найлепшыя і адначасова метафарычна цяжкія вершы задоўга да лукашэнкі.Ты прадбачыў прыход Хама?

Калі нават і так,ці ж трэба было адмаўляцца ад сябе?Як можна было так не ўзьлюбіць сваё

цела,сябе як носьбіта Беларускага Духу?

Мы не былі з табой сябрамі.І не маглі імі стаць.Бо ты прагнуў канца,а я прагнуў быць.Быць нават тады,калі мне зарве на пісаніну.Ці грэшны ты?Цяжка сказаць.Я ведаю і веру ў голас крыві.І калі твая кроў дыктавала табе скончыць з сабой як найхутчэй,то запярэчыць голасу прыроды шанцаў у цябе не было.Акурат як у мяне мала шанцаў перастаць любіць і прагнуць Жанчыну.

Анатоль Ціханавіч Сыс,ты даў нам прыклад,якія трэба пісаць вершы і як н я т р э б а жыць сваё ўласнае жыцьцё.Ты быў ня здатны для жыцьця,і неверагодна ўпарта і проста раьюшана пёр напрасткі да сьмяротнай прорвы.І ты сваё ўзяў.

На заканчэньне гэтага маналогу я хачу ўсьцешыць твой Дух - пайшлі чуткі ,што веткаўская сяброўка нарадзіла т в а й г о сына.Мне,наскрозь працятаму палюбоўным хаценьнем,так хочацца пераканацца,што чуткі гэтыя - сьвятая праўда…

А цяпер,Анатоль,бывай!Мне яшчэ жыць,дзяцей рабіць і вершы пісаць.Такая ўжо мая планіда,такая кроў.

І твая навука.

напiсаў slavamir 07.05.2006, 05:03

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0