Ветэрынарная клініка «Антыстрэс» знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Філімонава. Таксама на тую ж юрыдычную асобу зарэгістраваны ветэрынарны шпіталь «SQ-lap» на вуліцы Ціміразева. Але ж вядомасць клініка і шпіталь набылі не праз працу ці эксклюзіўныя паслугі, а праз хамскае стаўленне дырэктаркі да персаналу, загады з мацюкамі і суды з экс-кліентамі.

Фота са старонкі клінікі Ўкантакце

Фота са старонкі клінікі Ўкантакце

Водгукаў пра «Антыстрэс» у сеціве хапае. Ёсць і пазітыўныя, аднак хапае і негатыву: людзі скардзяцца, што з іх бяруць грошы за непатрэбныя аналізы, завышаюць кошты, урачы карыстаюцца дапатопным абсталяваннем.

«Антыстрэс» нават падаў у суд на двух былых кліентаў, якія скардзіліся, што «з дапамогай» клінікі згубілі сваіх гадаванцаў. Але суд у пазове адмовіў.

Праўда, асноўныя прэтэнзіі ў людзей не столькі да дактароў, колькі да арганізацыі працэсу. Таксама вядомасці «Антыстрэсу» дадалі і фотаздымкі загадаў, падпісаных дырэктаркай Зояй Шляхцінай. Шляхціна не стрымліваецца ў выразах, а яе загады проста трэба бачыць.

За памылкі ў запаўненні журнала супрацоўнікам пагражаюць адабраць палову заробку за паўгода. А тым, хто будзе спаць у бруднай спецвопратцы, прапануюць месца «на парашы».

Адна з тых, хто таксама крыўдуе на «Антыстрэс» — Кацярына Васілеўская. Праўда, яна не кліентка, а былая супрацоўніца клінікі. Але ж праца ў «Антыстрэсе» Васілеўскую зусім не задавальняла (яе скаргу цалкам можна прачытаць тут). Таму дзяўчына звольнілася па артыкуле 41 Працоўнага кодэксу — «скасаванне тэрміновага працоўнага дагавора па патрабаванні работніка». Прычым, звольнілася яна па віне наймальніка, і «Антыстрэс» сплаціў Васілеўскай трохмесячны заробак.

У адказ дырэктарка склала падрабязную негатыўную характарыстыку на сваю былую супрацоўніцу, сцвярджае сама Кацярына. Гэтая папера, па словах Васілеўскай, была разаслана ў іншыя ветклінікі і аптэкі.

Але Шляхціна не толькі разаслала характарыстыку на дзяўчыну.

Вось што адказваюць у клініцы, калі пытаешся пра Васілеўскую.

«А яе звольнілі, прычым «па артыкуле». За што? Алкагалізм, прастытуцыя… Так нам людзі расказваюць. Я ж сама Васілеўскую і не ведаю», — заявіла жанчына з клінікі. Прадставілася яна коратка: «супрацоўніца».

Праўда, Васілеўская, праслухаўшы запіс, запэўніла, што адказвала сама дырэктарка Шляхціна.

Нават у перадачы «Галоўны эфір» на БТ выйшаў зусім не кампліментарны сюжэт пра «Антыстрэс». Але ж клініка пакуль працягвае працу.

Дырэктарка Зоя Шляхціна праігнаравала ўсе намаганні «Нашай Нівы» звязацца з ёй.

У клініцы кажуць, што загады з мацюкамі ніколі не бачылі.

«Першы раз пра іх чую», — сказаў Аляксандр Старадынаў, супрацоўнік «Антыстрэсу».

Але ж вось яго прозвішча на аркушы, прысвечаным «недаумкам». Подпісу, праўда, няма. Там жа стаіць і прозвішча Аляксандры Герасіменка, адміністратара клінікі. Але і яна сцвярджае, што загады з мацюкамі ёй ніколі не сустракаліся. Праўда, паклікаць кагосьці з супрацоўнікаў, чые подпісы стаяць пад падобнымі загадамі, Герасіменка адмовілася.

«Наша Ніва» запрашае дырэктарку ТДА «Антыстрэс» Зою Шляхціну выказаць сваё меркаванне наконт гэтай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?