26.12.2016 / 21:45

Лідары краін ЕАЭС падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэкса, Лукашэнка не прыехаў 10

Лідары чатырох краін ЕАЭС 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэкса, паведамляе БелаПАН.

У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў, Казахстана — Нурсултан Назарбаеў і Арменіі — Серж Саргсян. Аляксандр Лукашэнка з невядомых пакуль прычын на саміт не прыехаў.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што беларускі бок праінфармаваў пра няўдзел Лукашэнкі ў мерапрыемствах. «Я думаю, што нам некарэктна было б казаць пра прычыны, усё ж такі гэта павінна рабіць прэс-служба прэзідэнта Беларусі», — дадаў ён.

Пяскоў заявіў, што адсутнасць Лукашэнкі не перашкодзіць абмяркоўваць пытанні інтэграцыі. «Таму што, яшчэ раз паўтараю, усе дакументы, якія сёння будуць падпісвацца, яны раней былі цалкам узгодненыя падчас калегіі з нашымі беларускімі партнёрамі. І падпісаныя дакументы далей проста будуць накіраваныя ў Мінск з тым, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць», — сказаў прэс-сакратар Пуціна.

Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза прыйдзе на змену Мытнаму кодэксу Мытнага саюза, прынятаму ў 2009 годзе. Дакумент павінен закласці неабходныя асновы для пераходу да адзінага мытнага рэгулявання ў межах ЕАЭС.

У кодэкс, праца над якім вялася на працягу трох гадоў, закладзеныя новыя падыходы да інфарматызацыі мытных аперацый, уводзіцца больш зручны для бізнесу алгарытм узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, які мінімізуе папяровы дакументаабарот і фізічны кантакт удзельнікаў замежнаэканамічнай дзейнасці са службовымі асобамі. Акрамя таго, максімальна ўніфікуюцца мытныя аперацыі для ўсіх краін саюза.

З уваходжаннем новага дакумента ў сілу ЕЭК будзе вызначаць верхнія вартасныя і вагавыя межы бяспошліннага гандлю, адзіныя для ўсіх краін.

Бакі ж паводле свайго меркавання могуць усталёўваць больш нізкія нормы бяспошліннага ўвозу на нацыянальным узроўні ў дачыненні да тавараў, што перамяшчаюцца з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленняў, а таксама экспрэс-перавозчыкамі.

Члены саюза дамовіліся, што праз год пасля ўваходжання ў сілу новага Мытнага кодэкса, у 2018 годзе, пачнецца паступовае зніжэнне парогу бязмытнага ўвозу тавараў з замежных інтэрнэт-крам у краіны ЕАЭС. Першае зніжэнне — да 500 еўра ў 2018 годзе. Звыш нормы — прадугледжаны плацеж у памеры 30%, але не менш як 4 еўра за 1 кг. Пасля заканчэння двух гадоў з моманту ўваходжання ў сілу кодэкса прадугледжанае зніжэнне нормы да 200 еўра, звыш гэтага — выплата 15%, але не менш як 2 еўра за 1 кг.

Мяркуецца, што Мытны кодэкс ЕАЭС набудзе моц 1 ліпеня 2017 года.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў краіны пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў даць праекту Мытнага кодэкса «аб'ектыўную ацэнку, узважыць усе за і супраць, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі». «Нягледзячы на станоўчыя водгукі дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, у мяне ўзнікае шэраг пытанняў з пункта гледжання захавання ў дакуменце нацыянальных інтарэсаў», — заявіў ён.

«Мы нічога не павінны страціць, у нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюза — Расія і Казахстан — могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы», — падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама адзначыў, што эканоміка Беларусі амаль два гады функцыянуе ў межах ЕАЭС. «Вынікі вядомыя. Я ўжо не адзін раз пра гэта казаў. Падзенне тавараабароту ў саюзе — прыкладна 40% летась, сёлета — прыблізна 15%. Вось вынік», — сказаў Лукашэнка

Варта адзначыць, што Мытны кодэкс Мытнага саюза, які ўвайшоў у сілу 1 ліпеня 2010 года, беларускі кіраўнік падпісаў з пяцідзённым спазненнем. У абумоўлены тэрмін дакумент набыў моц толькі на тэрыторыі Расіі і Казахстана.

1
Аўген / Адказаць
26.12.2016 / 19:47
Пяскоў заявіў, што адсутнасць Лукашэнкі не перашкодзіць... падпісваць рашэнні за яго )))
3
Кнехт / Адказаць
26.12.2016 / 19:50
За кім апошняе слова, той і начальнік. Гэта вам не на сустрэчы з высокімі гасцямі спазняцца, гэта вам гульня "ва банк". Вось адсвяткуем Новы Год, ды як аб'явім дэфолт - нікому мала не падасца. ;)
2
Статут / Адказаць
26.12.2016 / 20:22
Што гэта за недарэчны саюз,калі толькі адзін вырашае за ўсіх. Нам такі недасаюз не патрэбен, саюз які быў кабалой ужо на пачатку свайго ўтварэння
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру