У Маладачанскі РАУС па дапамогу зьвярнуўся 24‑гадовы грамадзянін Швэцыі. Ён вырашыў пракаціцца ў адзіночку на ровары з Скандынавіі ў Турцыю, выбраў маршрут церазь Беларусь і напярэдадні вечарам прыехаў у Маладэчна.

Велатурыст паставіў ровар ля гасьцініцы і з думкай, што ў такім людным месцы нічога ягонай маёмасьці не пагражае, пайшоў уладкоўвацца на начлег. Калі хвілін празь дзесяць ён выйшаў на ганак, то зь зьдзіленьнем пабачыў, што ад ровара ні пылу ні сьледу. Разам зь ім зьніклі намёт, спальны мех, заплечнік, інструмэнты, адзеньне, аптэчка, запчасткі й правізія на суму 1.375 эўраў. У міліцыю пацярпелы адразу не пайшоў, бо думаў, што хтосьці проста ўзяў ровар пакатацца. Ён зьвярнуўся да адміністратара гасьцініцы з пытаньнем, што магло здарыцца, аднак моўны бар’ер ня даў ім паразумецца. Таму на парозе РУУС даверлівы швэд зьявіўся толькі наступнай раніцай.

«Адразу ж былі зарыентаваныя ўсе нарады, — сказаў начальнік аддзелу дазнаньня папярэдняга расьсьледаваньня РУУС Андрэй Лось. — Але, як самі разумееце, каштоўны час быў страчаны, таму ровар пакуль знайсьці не ўдалося. Цяпер усчатая крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».

Сам жа пацярпелы сказаў, што за 14 гадоў у яго ў Швэцыі скрадалі ровар ужо 6 разоў. Хаця пошукі прапажы ў Маладэчне й не далі хуткага выніку, госьць застаўся задаволены ўвагай і апэратыўнасьцю рэагаваньня мясцовай міліцыі. У Стакгольм ён вернецца на самалёце.

Паводле: Аляксей Цітоў, «СБ-Беларусь Сегодня»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0