Фота uvd.vitebsk.gov.by
Аварыя адбылася 27 снежня, каля 8.40, на 197-м кіламетры трасы М3 Мінск — Віцебск у раёне вёскі Бачэйкава. Спачатку ў кювет вылецела фура MAN пад кіраваннем 56-гадовага кіроўцы. Праз некаторы час на тым жа ўчастку дарогі занесла «Газэль», за рулём якой быў 51-гадовы кіроўца. Мікрааўтобус таксама вылецеў у кювет і ўрэзаўся ў фуру.
Акрамя кіроўцы, у «Газэлі» ехалі восем пасажыраў — работнікі адной з віцебскіх будаўнічых фірмаў. Усе яны дастаўлены ў бальніцу для абследавання. Кіроўцы ў ДТЗ не пацярпелі.
Абставіны аварыі высвятляюцца.
ДАІ нагадвае, што ў цяпершняе надвор'е праезная частка на асобных участках можа быць слізкай, таму кіроўцам трэба быць асабліва ўважлівымі і выбіраць бяспечную хуткасць руху.