Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец у чарговы раз аштрафаваны за ўдзел у шматдзённай акцыі салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам на 50 базавых велічынь (1.050 рублёў).

Як паведаміў палітык БелаПАН, такое рашэнне было прынятае адным з раённых судоў Мінска 6 снежня, аднак копію рашэння ён атрымаў па пошце толькі цяпер.

Акцыя ў падтрымку стваральніка блога 1863x.com Эдуарда Пальчыса ля сцен Мінгарсуда, дзе разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да яго, пачалася 14 кастрычніка і аднаўлялася штодня да 24 кастрычніка ў тыя дні, пакуль ішоў працэс у закрытым рэжыме. 28 кастрычніка Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў і прыгавораны да аднаго года дзевяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Ён быў вызвалены ў зале суда.

Раней Севярынец быў ужо тройчы аштрафаваны па пратаколах, складзеных падчас працяглай акцыі. Такім чынам, сума штрафаў, вынесеных за ўдзел у пікеце ў падтрымку Пальчыса, складае 4.200 рублёў.

«Гэта ўжо пятнаццаты мой штраф за год. Агульная сума штрафаў — 14.280 рублёў», — паведаміў палітык, не ўдакладніўшы, якая частка з іх аплачаная.

Паводле слоў Севярынца, павінны адбыцца суды яшчэ мінімум па двух пратаколах, складзеных у дачыненні да яго за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. «Міліцыянеры ўжо нават да мяне не падыходзяць, а складаюць пратаколы потым завочна», — адзначыў сустаршыня аргкамітэта БХД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0