Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Валянціна Лапаціна адмовілася задаволіць пазоў УУС Магілёўскага аблвыканкама да блогера Аляксандра Ірхо аб абароне дзелавой рэпутацыі.
21 снежня суд пачаў разглядаць іск аб абароне дзелавой рэпутацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама да адміністратара супольнасцяў «Магілёў live», «Магілёў real» і «Бабруйск live» сацыяльнай сеткі «УКантакце» Аляксандра Ірхо. Прэтэнзіі міліцыі тычыліся размешчанага там у лістападзе ананімнага апытання на тэму: «Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці?» Апытанне прадугледжвала адзін з варыянтаў адказу, у прыватнасці: «Менш за 5 долараў», «10 долараў», «15 долараў», «20 долараў», «25—50 долараў», «101 і больш долараў», «Я пытанні без грошай вырашаў». У апытанні ўзяло ўдзел больш за 1.700 карыстальнікаў. 21 лістапада Ірхо выдаліў апытанне і яго вынікі. УУС праз суд патрабавала ад блогера напісаць абвяржэнне і прынесці прабачэнне, апублікаваўшы яго ў адпаведных групах сацсеткі.
На судовым пасяджэнні 27 снежня паводле хадайніцтва Ірхо да матэрыялаў справы былі далучаныя раздрукоўкі артыкулаў з сайтаў аб хабарах ў ДАІ, а таксама ананімнага апытання Генпракуратуры, што тычылася патрабаванняў службовымі асобамі матэрыяльнага узнагароджання. У спрэчках блогер паказаў, што хабарніцтва ў органах унутраных спраў, у прыватнасці ў ДАІ, не з'яўляецца сакрэтам, пра гэта пішуць розныя СМІ і з гэтым змагаюцца адпаведныя падраздзяленні. Тое, што прадстаўнікі УУС кінуліся абараняць гонар мундзіра, ускосна сведчыць аб тым, што ім вядома пра негатыўныя выпадкі ў ДАІ, у тым ліку пра атрыманне хабару, адзначыў адказчык.
Ірхо падкрэсліў, што прэтэнзіі істцоў да ўказання замежнай валюты ў прапанаваных адказах беспадстаўныя, бо нават Аляксандр Лукашэнка лічыць сярэднюю зарплату насельніцтва Беларусі ў доларах.
Разам з тым блогер прызнаў, што прапанаваны у апытанні адказ «Я не кіроўца» з'яўляецца некарэктным, бо з супрацоўнікамі ДАІ маюць зносіны не толькі вадзіцелі, але і іншыя ўдзельнікі дарожнага руху. За гэты адказ Ірхо прынёс прабачэнне істцам, не пагадзіўшыся больш ні з адной іх прэтэнзіяй. Ён таксама прадэманстраваў аналагічнае апытанне «УКантакце», якое тычыцца віцебскай міліцыі і мае, паводле слоў блогера, падобныя адказы. Пры гэтым Ірхо заявіў, што асабіста не сутыкаўся з карупцыяй у ДАІ.
У сваю чаргу істцы — старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч — настойвалі на тым, што апублікаванае апытанне ганьбіла органы ўнутраных спраў характар. Ігнатовіч таксама ўказаў, што справа набыла грамадскі рэзананс і «набірае абароты»: падобныя апытанні сталі з'яўляцца ў іншых сацыяльных сетках і супольнасцях, пра яго пішуць, не чакаючы судовага вердыкту, розныя СМІ, а адказчык дае па гэтай судовай спрэчцы свае каментары.
Суд выявіў, што іск не падлягае задавальненню ў адпаведнасці з артыкулам 153 Грамадзянскага кодэкса, заявіла суддзя Лапаціна. «Апублікаванае апытанне ў гэтай рэдакцыі не сведчыць пра распаўсюджванне якіх-небудзь звестак, якія б ганілі дзелавую рэпутацыю істца», — матывавала яна сваё рашэнне, якое можа быць абскарджанае і апратэставанае ў Магілёўскім абласным судзе.