У Маладзечанскім раёне, недалёка ад вёскі Капачы, на ўзвядзенні свінагадоўчага комплексу 27 снежня вялікім заднім колам ад трактара смяротна траўмаваны 23-гадовы рабочы, слесар мінскага прадпрыемства.

Праверку па факце няшчаснага выпадку на вытворчасці пачаў Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта (РАСК). Старшы следчы РАСК Юрый Багушэвіч расказаў Край.бай:

— Кола прывезлі на грузавіку для ўстаноўкі на катку. Наперадзе ў гэтай машыны металічны валік, ззаду — вялікія колы, як у трактара МТЗ. Напярэдадні адно з іх было прабіта. Прывезлі новае. Паводле папярэдніх дадзеных, слесар на кузаве грузавіка застрапаліў кола крукамі троса маніпулятара і злез на зямлю прымаць груз. Маніпулятарам паднялі кола з кузава, сталі перамяшчаць. У гэты момант яно сарвалася з крукоў і ўпала на слесара.

Па словах Юрыя Багушэвіча, пацярпелы памёр на месцы ад шматлікіх пераломаў костак шкілета з пашкоджаннем унутраных органаў.

Малады чалавек жыў у Заслаўі ў інтэрнаце ад гэтага прадпрыемства. Характарызаваўся станоўча. Не жанаты, дзяцей няма. Паводле папярэдніх вынікаў экспертызы, алкаголю ў арганізме загінулага не выяўлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0