Ёсьць імёны герояў, якія памятаюць сябры і паплечнікі, такія імёны натхняюць тых, хто працягвае справу, іх большасьць, і за імі — слава. Але здараецца, што няма каму ўзгадаць героя, бо ён самотны і гіне апошнім. Толькі і тады імя яго не забываецца, бо імёны такіх змагароў з маўклівай павагай памятаюць праціўнікі. Такіх імёнаў няшмат. За імі — гонар. Менавіта такое імя, узгаданае на старонках афіцыйных клерыкальных праваслаўных «Литовских епархиальных ведомостей» за 1883 г., прыцягнула нашую ўвагу.
У нумары, дзе грунтоўна разглядаецца тэма ліквідацыі Берасьцейскай уніі, сярод іншых матэрыялаў падаецца, перадрукаваны з дазволу цэнзуры, матэрыял Кіеўскіх япархіяльных ведамасьцяў — нэкралёг па Ігнацію Някляўзу.
Ігнаці Някляўз (Некляузъ) быў уніяцкім сьвятаром з ордэну базыльянаў, чалавекам, які ня здрадзіў сваёй веры і да апошніх дзён жыцьця быў непахісным прыхільнікам уніі і грамадзянінам Княства Літоўскага.
Нарадзіўся ён у Курляндыі (землі якой знаходзіліся ў складзе ВКЛ). Дакладная дата ягонага нараджэньня невядомая, але з уласных словаў сьвятара і датаваньня пэўных падзей, можна меркаваць, што яна адносіцца да 90‑х ХVIII ст.
Пра дзяцінства ягонае вядома толькі тое, што пачатковую адукацыю ён атрымаў на радзіме. Тым часам разгортваліся трагічныя для краіны падзеі — захлынулася крывёй паўстаньне Касьцюшкі і быў зацьверджаны апошні падзел Рэчы Паспалітай, былое Княства незваротна ўлівалася ў склад імпэрыі…
У сьвядомым узросьце ён бачыў на свае вочы падзеі расейска‑францускай вайны 1812 г., што пракацілася ў два бакі па колішнім Княстве. Таксама Някляўз добра памятаў шмат дробных дэталяў з эпохі цараваньня імпэратара Аляксандра І — час, на які прыпалі новыя выпрабаваньні краю.
Ужо ў сталым веку Ігнаці Някляўз атрымліваў багаслоўскую адукацыю ў Віленскім унівэрсытэце. Набытыя веды былі неаспрэчна грунтоўнымі: ён валодаў амаль дзясяткам моваў (царкоўнаславянскай, лацінай, габрэйскай, нямецкай, расейскай, польскай, францускай…). Дарэчы, слынны ўнівэрсытэт Някляўз так і ня скончыў. Але ня зь нейкіх асабістых прычынаў, а празь ліквідацыю апошняга, пасьля паўстаньня 1830—31 гг., калі былыя жыхары Княства ў чарговы раз супольна з палякамі паспрабавалі вырвацца з‑пад прыгнёту Расеі…
Пасьля закрыцьця ўнівэрсытэту Ігнаці Някляўз, стаўшы сьвятаром, дзесяць гадоў служыў у Жыровіцкім базыльянскім кляштары, дзе, маючы адметны прамоўніцкі талент, выконваў абавязкі прапаведніка.
Пра ягоны востры розум, трапнае слова і дзёрзкі адкрыты характар сьведчыць адзін цікавы выпадак. Аднойчы падчас казані айцец Ігнаці заўважыў, як заможны пан абапёрся на бакавы прастол. Сьвятар гучна прамовіў, указваючы на магната: «У старажытных ізраільцянаў казлоў спачатку забівалі, а пасьля ўскладалі на алтар у ахвяру Богу, а цяпер казлы жывыя самі лезуць на прастол!» Неабачлівы шляхціц яшчэ доўга ня меў праходу ад кпінаў.
Прамоўніцкія здольнасьці і імпэт, як адзначалі сучасьнікі, засталіся з Ігнаціем Някляўзам да глыбокае старасьці. Са сьведчаньняў аўтара нэкралёгу, прыходзкага сьвятара Антонія Лявіцкага, Някляўз, маючы амаль стогадовы ўзрост, з ранейшым нат¬хненьнем цытаваў па памяці свае колішнія палымяныя казані.
Але і Жыровіцкі кляштар ня стаў надзейным прытулкам айцу Ігнацію — новая хваля русіфікацыі пасьля задушэньня паўстаньня дакацілася і да яго муроў. Прайшлі ганебныя разборы шляхты, урадам было адмененае дзеяньне старажытнага сымбалю самастойнасьці — Статуту, скасоўвалася нацыянальная канфэсія — уніяцтва… У справаводзтве зацьвярджаецца тэрмін «Паўночна‑Заходні край». Жыровіцкі ўніяцкі манастыр робіцца праваслаўным.
Менавіта ў гэты час айцец Ігнаці, нягледзячы на прапановы, спробы пераканаць і нават пагрозы, так і не прымае праваслаў’я. Непахісны ў сваіх перакананьнях, Ігнаці Някляўз застаўся да канца жыцьця ў сваёй, скасаванай, веры. Ён не баіцца пярэчыць самому мітрапаліту Ёсіфу Сямашку. Ня выключана, што менавіта праз дыспуты зь мітрапалітам ён ускладніў сабе далейшае жыцьцё. Так ці інакш, але месца яму ў Паўночна‑Заходнім краі не знаходзіцца…
Ён знаходзіць прытулак пры рымска‑каталіцкім касьцёле ва Ўкраіне, у мястэчку Белая Царква. Ня маючы больш магчымасьці ажыцьцяўляць душпастырскую дзейнасьць і шукаючы, як зарабіць на хлеб, ён — ужо ў сталым веку — ідзе на цывільную службу: уладкоўваецца касірам на Сьцеблеўскую суконную фабрыку, дзе і працуе да 1865 г. Былы сьвятар і манах адрозьніваўся выключнай сумленнасьцю, за што ўладальнік фабрыкі паклаў яму пажыцьцёвую пэнсію 90 рублёў у год.
Апошнія дванаццаць гадоў жыцьця стары пражыў у тамтэйшых сялянаў Мікіты Фаменкі і Пізьнюра. Знаходзячыся ў нястачы, ён адрозьніваўся жыцьцярадаснасьцю, дабрынёй, сьветлым розумам. Сьведкі ягоных апошніх гадоў адзначалі, што на твары старога заўсёды была шчырая ласкавая ўсьмешка, ён быў цьвярозым, выключна прыстойным і фанатычна набожным да скону. Да апошніх дзён жыцьця яго можна было пабачыць у храме, дзе ён шчыра маліўся…
Пры канцы карэспандэнцыі сьвятар Лявіцкі суха дадае: Ігнаці Някляўз пахаваны на рымска‑каталіцкіх могілках гораду Сьцеблеў пад Кіевам.
Так, у звычайным некралёгу на паўстаронкі, адлюстраваны жыцьцёвы шлях асобы, якая засталася непахіснай у сваёй веры і да апошніх дзён зямнога жыцьця заставалася прыкладам чалавечай годнасьці.