У навагоднія святы «Наша Ніва» ўзгадвае самыя папулярныя артыкулы, якія з'явіліся на сайце за 2016 год.

* * *

Як і чакалі стваральнікі кнігі, інтэрнэт падзяліўся на два лагеры. Першаму — мала эротыкі, другому — замнога.

Каардынатар выдання Глеб Лабадзенка раіць асабліва ўражлівым звярнуць увагу на налепку і проста адкласці кнігу ў бок. Хаця калі да зместу яшчэ можна прычапіцца — маўляў, парнаграфія, — то ў фота наўрад ці хтосьці здолее знайсці крамолу.

«Ці не займаемся мы распустай? Вядомыя даследчыкі XIX ст. не лічылі эратычны фальклор распустай. Яны падыходзілі да яго не як да атракцыёну, а як да часткі народнай спадчыны, якую трэба вывучаць, разглядаць з розных бакоў», — каментуе Глеб Лабадзенка.

Насамрэч, у кнізе нічога новага, акрамя здымкаў, няма. Усё гэта ўжо друкавалася раней — ад арыгінальных кніг ХІХ стагоддзя да аднайменнага зборніка, які выйшаў 10 гадоў таму. Сёлетняе выданне — фактычна выбарка найлепшага з той кнігі. Пад новай вокладкай сабраныя запісы даследчыкаў XIX ст. Міхала Федароўскага, Мікалая Нікіфароўскага, Паўла Шэйна, Яўгена Ляцкага, Севярына Малевіча, Адама Гурыновіча. Асобны раздзел — запісы Рыгора Барадуліна, які збіраў эратычны фальклор усё жыццё.

Злева направа: Наста і Слава Шпілеўскія. Настасся Роўда.

Злева направа: Наста і Слава Шпілеўскія. Настасся Роўда.

«Я калісьці запытаўся ў Барадуліна, чаму ён так любіць гэтую тэму. Ён сказаў: «Калі хоць кагосьці гэта прыцягне да беларускай мовы, ужо добра». Я таксама так лічу. Каб прывабліваць да мовы, забароненых ці табуяваных тэмаў няма. У інтэрнэце некаторыя пісалі, каб мы спынілі распусту. Я абяцаю не прымушаць гэтых людзей чытаць нашу кнігу», — кажа каардынатар выдання.

І стар, і нядуж,

І крывы на нагу.

А як бачу маладую,

Ашалеўшы бягу.

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

З-за фота выхад кнігі адклалі на два месяцы

Аднак Глеб Лабадзенка лічыць, што затрымка цалкам апраўданая, бо здымкі — самае прыгожае ў «Беларускім эратычным фальклоры». Зрабіў іх фатограф і дызайнер Міхась Аракчэеў.

«Афармленнем кнігі я займаўся на дабрачынных пачатках, — распавядае Міхась. — Калі мне прапанавалі зрабіць фота для «Беларускага эратычнага фальклору», я адразу падумаў, што гэтую тэму нельга здымаць. Але потым пачаў разважаць: а чаму не? Чаму не ўвесці жывых персанажаў, падаць фальклор пад «глянцавай» вокладкай? Гэта якраз тое, што можа прывабіць шырокае кола чытачоў. У тым ліку тых, хто раней не цікавіўся этнаграфіяй ці фальклорам».

Злева направа: Надзея Жалязняк, Зміцер Завадскі і Яня Міхайлава. Таццяна Мухіна і Алесь Плотка. 

Злева направа: Надзея Жалязняк, Зміцер Завадскі і Яня Міхайлава. Таццяна Мухіна і Алесь Плотка. 

У здымках паўдзельнічалі 13 беларусаў, сярод якіх шматразовы чэмпіён свету Віталь Гуркоў. Як заўважае фатограф, усе мадэлі выдатна валодаюць беларускай мовай, таму фотасесія праходзіла цалкам па-беларуску.

«Мы хацелі адысці ад эротыкі ў агульным разуменні, — тлумачыць канцэпцыю здымкаў Міхась. — Былі патрэбныя фота менавіта з беларускім маркерам. З антуражам дапамагло Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, і за гэта вялікі дзякуй».

У фальклоры тэма існавала заўсёды, але быў узроставы цэнз

На некаторых фота можна ўбачыць выразныя эратычныя рэчы-сімвалы. Узяць, да прыкладу, ступу і таўкач. Раней гэтыя дзве такія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы абавязкова суправаджалі жарцікі, праз якія дзяўчыны пакрываліся чырванню.

Злева направа: Лізавета Пісчала і Таццяна Мухіна.

Злева направа: Лізавета Пісчала і Таццяна Мухіна.

«Сталыя людзі не жартавалі на гэтыя тэмы, калі побач прысутнічалі незамужнія дзяўчыны. Пра гэта кажуць этнаграфічныя даследаванні, — распавядае фатограф. — Старыя адразу запытваліся ў маладых дзяўчат, ці замужам яны. І калі дзяўчына была не замужам, тэма хутка зварочвалася».

Ах ты, маменька мая,

А мне сталася бяда.

Я на камені сядзела,

Пару яблычкаў я з’ела.

З чарваточынкай адзін

У жывоціку заныў.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага

Чаму на вокладцы блакітны колер, а не чырвоны

Вокладка кнігі чорна-белая з яркім блакітным акцэнтам.

«Чырвоны і белы — асноўныя колеры беларускага народнага строю. Але падчас падарожжаў па нашай краіне я заўважыў, што ўлюбёны колер беларусаў — блакітны, — упэўнівае Міхась. — Яго сустракаеш усюды: і платы пафарбаваныя ў блакітны колер, і лавы, і вокны, і цалкам хаты. Нават крыжы на могілках і тыя — блакітныя. Больш за тое, чырвоны дадаў бы драматызму, а ён тут непатрэбны».

Раней, да таго, як Міхась пачаў глыбока цікавіцца этнаграфіяй, для яго вобраз беларуса быў падобны на прыгожы музейны экспанат у строі.

«Аднак чым больш чытаеш матэрыялу, тым глыбей разумееш родную краіну. Аказваецца, беларусы заўсёды давалі жару па поўнай, — усміхаецца дызайнер. — Хтосьці называе эратычны фальклор непатрэбным вычварэнствам. Выбачайце, значыцца, гэта трэба забыць назаўсёды? Сваё трэба цаніць. Кожную драбязу, якая засталася. У нас і так шмат чаго за мінулае стагоддзе страчана, разгублена, разбурана. Таму давайце не будзем дзяліць нашу спадчыну на патрэбнае і непатрэбнае».

Злева направа: Настасся Роўда. Віталь Гуркоў і Марына Пятрова.

Злева направа: Настасся Роўда. Віталь Гуркоў і Марына Пятрова.

10 выбраных вершаў з кнігі «Беларускі эратычны фальклор»

Жніця, дзеўкі, жніця,

Кручай спінкі гніця.

Станавіця снапы ў рад,

Павярніця нам хуць зад.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага

Чаму тады не прыйшоў,

Як я жыта жала,

Куды рукі, туды й ногі,

Дагары ляжала.

З запісаў Мікалая Нікіфароўскага 

Ой, кум куму

У садочак вядзець.

Ой, кум куме

Агурочак даець.

Ах, кум-кумочак,

Не хачу агурочка,

Не псуй ты майго жываточка.

З запісаў Яўгена Ляцкага

Купала на Йвана!

— Дзе, Купала, начавала?

— Начавала ночку ў зялёным лясочку,

Пад асінкаю з Максімкаю,

Пад арэшкаю з Цярэшкаю,

Пад елкаю ды з дзеўкаю.

З цыклу «Купалле» 

Салавей, салавей,

Што на свеце саладзей,

Ці гарэлка, ці мядок,

Ці ў дзеўкі перадок?

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

Марфачка жыта жне,

А Гардзейка вяжаць,

Дажаўшыся да мяжы,

Яна яму кажа:

— Баразёнка вузенька —

Не памесцімся,

Ночка летняя каротка —

Не нацешымся.

З цыклу «Жніво» 

— Наляцеў, мамка, шэршань,

Паміж ножачак сеўшы,

Ножкі раскарачыў,

Коскі падкудлаціў.

А я ж думала, мамка, памру,

Аж я гэта вельмі люблю.

З цыклу «Вяселле» 

Ой, пайду я кала саду,

Каго найду, то насяду.

Я насяду, сечкі ўрэжу.

Яна крычыць, а я лезу.

Яна крычыць, драпочацца,

А я лезу, бо хочацца.

З запісаў Міхала Федароўскага

Гарманіст у нас адзін,

Мы па разіку дадзім.

Гарманісту трэба даць,

Весялей будзець іграць.

«Здубавецця» Рыгора Барадуліна

Ой, якая я была

У дзеўках інцерэсная,

У дзеўках дзевачку радзіла,

Замуж выйшла чэсная.

Сучасныя запісы 

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?