Некалькі тысячаў жыхароў Босьніі і Герцагавіны ў пятніцу ўзялі ўдзел у цырымоніі ў горадзе Срэбраніца ў памяць пра 8 тысячаў мусульман, забітых у 1995 г.

У гэты ж дзень былі перапахаваныя рэшткі больш чым 300 чалавек.

Забойства мусульманскіх жыхароў Срэбраніцы — пераважна мужчын і падлеткаў — названа Міжнародным трыбуналам ААН па былой Югаславіі актам генацыду.

Зьдзейсьнілі злачынства ўзброеныя атрады басьнійскіх сербаў.

У чацьвер суд у Гаазе прыняў рашэньне, згодна зь якім галяндзкі кантынгент міратворчых сілаў ААН, што знаходзіўся ў той час у Срэбраніцы, не падлягае перасьледу ў судовым парадку за гэтыя забойствы.

Тым часам арганізацыя «Маці Срэбраніцы», якая прадстаўляе больш за 6 тыс. чалавек, што выжылі ў ваенную кампанію супраць басьнійскіх мусульманаў, мяркуюць, што міратворцы ААН ня выканалі задачы па гарантаваньні бясьпекі цывільнага насельніцтва Срэбраніцы.

Суд пастановіў, што ня мае паўнамоцтваў разглядаць пазоў у дачыненьні да ААН, якая, згодна са сваім Статутам, абаронена ад судовага перасьледу.

Пры гэтым пазоў супраць ураду Нідэрляндаў можа быць разгледжаны.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0