Адным беларускім клюбам у эўракубках паменела. Разьвітаўся з Кубка Інтэртота салігорскі «Шахцёр».

Ён дайшоў да другога раўнду, дзе па выніках двух матчаў уступіў аўстрыйскаму «Штурму». У першым матчы нашчадкі ваяроў Слуцкага збройнага чыну прайгралі зь лікам 0:2, а ўчора, 13 ліпеня, у Салігорску расьпісалі нічыю — 0:0.

Зрэшты яшчэ перад пачаткам двубою галоўны трэнер гарнякоў Юры Вяргейчык надта скептычна глядзеў на пэрспэктывы сваёй каманды. Такое ўражаньне, што «Шахцёр» проста быщ запраграмаваны на паразу. Так, учора салігорцы ўжо на 2‑й хвіліне матчу аказаліся ў большасьці, за фол апошняй надзеі быў выдалены абаронца гасьцей, але так і ня здолелі забіць галкіпэру аўстрыйцаў з прыкольным прозьвішчам Шыкльгрубэр.

Зусім лягічнай таму падаецца рэакцыя заўзятараў на форумах: а навошта тады было заяўляцца ў Кубак Інтэртота, справа ж гэтая добраахвотная.

Трэнер гасьцей Франк Фода, між іншым, зазначыў, што за 20 гадоў кар’еры ня бачыў поля горшага, чым стадыён у Салігорску, паведамляе football.by.

У трэцім раўндзе «Штурм» згуляе з будапэшцкім «Гонвэдам».

На гэтым тыдні распачынаюцца кваліфікацыйныя раўнды Лігі чэмпіёнаў і Кубку УЭФА. Заўтра ў барацьбу ўступіць чэмпіён Беларусі і лідэр сёлетняга першынства барысаўскі БАТЭ. На гарадзкім стадыёне Барысава ён згуляе з ісьляндзкім «Валюрам».

Пачатак матчу а 19‑й. Трансьляцыя ў 18:55 на канале «Лад».

У чацьвер у 1‑м раўндзе Кубку УЭФА распачнуць барацьбу МТЗ‑РІПА і «Гомель», якія згуляюць са славацкай «Жылінай» і варшаўскай «Легіяй».

МТЗ‑РІПА першы матч праводзіць на менскім стадыёне «Трактар». Пачатак а 18‑й.

Матч «Гомеля» з «Легіяй» пачнецца 17 ліпеня а 20:45 ў Варшаве на стадыёне Войска Польскага. Беларусы Варшавы маюць унікальную магчымасьць, выказаць свой беларускі патрыятызм непасрэдна на стадыёне, а не перад маніторамі кампутараў і ноўтбукаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?