Жыхары Элка выйшлі на вуліцы праз смерць у навагоднюю ноч наведніка кавярні, якая належыць мігрантам.

У навагоднюю ноч у бары «Prince Kebab» у мястэчку Элку на паўночным усходзе Польшчы адбылася бойка, у выніку якой загінуў 21-гадовы мужчына, атрымаўшы некалькі нажавых ран, паведамляе «Радыё Рацыя».

«Галоўным і адзіным падазраваным у злачынстве з'яўляецца грамадзянін Туніса» - паведаміў на прэс-канферэнцыі галоўны пракурор раённай пракуратуры Элка Войцех Піктэль.

Са слоў пракурора, падазраваны працаваў у бары ў якасці кухара, ён прызнаўся, што падчас бойкі з пацярпелым выкарыстаў нож, і мог нанесці гэтым нажом удары.

«Паводле нашых звестак, у гэтым бары адбыўся нейкі інцыдэнт, які напаліў атмасфэру, але пачатак сітуацыі нам да канца невядомы. Вядома толькі, што пацярпелы ўзяў у бары дзве бутэлькі з напоем, не заплаціўшы за іх. Уласнік установы разам з кухарам пабеглі за ім з мэтай забраць гэтыя пляшкі. Але пазней усё скончылася нашмат трагічней і драматычней», - сказаў пракурор.

Паводле інфармацыі паліцыі, затрыманыя чацвёра мужчын, у тым ліку замежнікі.

Спасылаючыся на таямніцу следства, паліцыя не выдала грамадзянства затрыманых.

Неафіцыйна вядома, што сярод затрыманых акрамя грамадзяніна Туніса ёсць таксама грамадзяне Алжыра і Марока.

1 студзеня ў другой палове дня ў цэнтры Элка пачалі збірацца тутэйшыя жыхары, каб запаліць свечкі.

Але мірная акцыя перарасла ў сутычку з паліцыянтамі. Удзельнікі акцыі закідалі бутэлькамі і камянямі паліцыянтаў, затым невядомыя падпалілі будынак бара Prince Kebab, а таксама яшчэ адной установы, які належыць таму ж уласніку.

Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Агульная колькасць удзельнікаў непарадкаў дасягнула 300 чалавек. Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што было затрымана 28 чалавек. Сярод іх чацвёра супрацоўнікаў рэстарацыі і 24 чалавекі, якія бралі ўдзел у вулічных бойках.