Алесь Каліта
Каля 10 тысячаў навабранцаў папоўняць шэрагі беларускага войска падчас летняга прызыву ва Ўзброеныя Сілы краіны. Выконваць «сьвятарны абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь» адправіцца і старшыня моладзевага крыла Партыі БНФ Алесь Каліта.

Паводле рашэньня прызыўной камісіі магілёвец Каліта будзе несьці службу Радзіме у Вайскова‑паветраных сілах у частцы №30151, што месьціцца ў горадзе Фаніпаль.

Яшчэ ў красавіку гэтага году рашэньнем Магілёўскай раённай камісіі лідэра моладзі БНФ прызналі непрыдатным да службы ў войску ў мірны час праз дэфэкт сэрца — у хлопца знайшлі анэўматычнае выпукленьне міжпрысеньневай пярэтыкі памерам 16 мілімэтраў. Аднак праз два месяцы з Магілёва ў Менск нахапіліся два супрацоўнікі КДБ і ўчастковы, якія наўпрост затрымалі Алеся на вуліцы ды перадалі позву ў Ваенны камісарыят для пацьвярджэньня дыягназаў на абласным узроўні.

18 чэрвеня камісія на чале са сп. Урухновай накіравала прызыўніка Алеся Каліту на дадатковае абсьледаваньне ў абласную больніцу, дзе адмысловыя спэцыялісты зафіксавалі бяз зьменаў ўсё ж той дыягназ — захворваньне сэрца. Але і гэтая пастанова мэдыкаў ня сталася канчатковаю. Пасьля чарговага ўмяшальніцтва у справу моладзевага лідэра апазыцыі супрацоўнікаў Камітэту дзяржбясьпекі рашэньне адносна прызыву Алеся Каліты мусіла прыняць Цэнтральная вайскова‑лекарская камісія (ЦВЛК) у Менску. Вырак дадзенай інстанцыі стаўся відавочным — літаральна за паўтара тыдні выпукленьне зьменшылася да 5 мілімэтраў і хлопец адпаведна быў прызнаны прыдатным да службы ў войску зь нязначнымі абмежаваньнямі. Рашэньне прымалася Магілёўскай абласной прызыўной камісіяй на часе з Анатолем Гласам у закрытым парадку.

Алесь Каліта адразу для сябе пастанавіў аб сваім намеры абскардзіць рашэньне прызыўной камісіі і дыягназ ЦВЛК у вайсковай пракуратуры і судах: «Відавочна, што нейкія дактары дакладна сфальсыфікавалі дыягназ, і я хачу даведацца хто.

Алесь Каліта лічыць рашэньне аб сваім прызыве неправамерным, «бо яно засноўваецца толькі на двух супярэчлівых абсьледаваньнях».

У прынцыпе — руцінная гісторыя супярэчлівых дыягназаў, але міжволі ўзьнікаюць паралелі з гісторыяй прызыву яшчэ аднаго актывіста Партыі БНФ Зьмітра Жалезьнічэнкі з Гомеля, які, адмовіўшыся ад прыняцьця прысягі, служыць у войску ўжо больш за паўгоду: «Я буду прымаць прысягу незалежна ад таго, якое рашэньне прыме суд. Мая сытуацыя не такая як у Жалезьнічэнкі: мяне выключылі ўжо даволі даўно і я нідзе дагэтуль не навучаюся. У прынцыпе ўлада зрабіла ўсё па законе. Адзінае, у чым бы я хацеў разабрацца, гэта хто столькі часу ў мяне адабраў, каб гэтыя людзі адказалі за тое, што яны абсалютна грэбліва паставіліся да майго часу, — кажа Каліта. ‑‑ Натуральна, я буду несьці службу па‑беларуску і буду таго патрабаваць і ад тых, хто будзе аддаваць прыказы. Акрамя гэтага, на сёньняшні дзень я маю шэраг напрацовак некаторых прапановаў па паляпшэньні службы ў войску, каб яно было насамрэч беларускім, незалежным, заснаваным на нацыянальных каштоўнасьцях».

23 ліпеня з роднага Магілёву прызыўнік Алесь Каліта накіруецца ў вайсковую частку ў Фаніпаль на першыя зборы перад пачаткам службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?