У Беларусі больш за 130 чалавек затрыманыя ў першы дзень 2017 года за язду ў нецвярозым стане, паведаміў журналістам старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Станіслаў Салавей, перадае БелТА.

«Што тычыцца кіравання транспартам у нецвярозым стане, то за чатыры дні (з 30 снежня па 2 студзеня) затрыманыя 344 нецвярозыя кіроўцы. Традыцыйна пік кіравання транспартам у нецвярозым выглядзе прыходзіцца на 1 студзеня, толькі за адзін дзень гэтая лічба склала 132 кіроўцы», — сказаў Станіслаў Салавей. Частка гэтых кіроўцаў была затрыманыя па званку сведак, якія, пабачыўшы, што чалавек у нецвярозым стане садзіцца за руль, патэлефанавалі ў 102.

За названыя чатыры дні на дарогах краіны загінулі 8 чалавек, 7 з іх — пешаходы. На сёння праблема з пешаходным траўматызмам стаіць досыць сур'ёзна, адзначыў старшы інспектар па асаблівых даручэннях. Большасць з загінулых пад коламі аўто ў навагоднія святы парушалі правілы, не былі пазначаныя святлоадбіўнымі элементамі, некаторыя знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Дзяржаўтаінспекцыя ў навагоднія святы працавала ва ўзмоцненым рэжыме. Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі дарожнага руху паблізу месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў і кантролю за выкананнем правілаў дарожнага руху.

Станіслаў Салавей, карыстаючыся выпадкам, звярнуўся да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: калі недзе бачыце, што на абочыне пешаход знаходзіцца ў нецвярозым стане і выходзіць на праезную частку, прыміце неабходныя меры (забярыце чалавека з праезнай часткі, патэлефануйце ў 102). Тым самым, магчыма, удасца выратаваць чалавечае жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0