Барак Абама не разумее пагрозаў, якія сыходзяць сучаснаму сьвету ад Расеі.

Днямі тэлекампанія «Мір», якая вяшчае на Беларусь, паказала амэрыканскі фільм «Трынаццаць дзён» (Thirteen day’s), прысьвечаны супрацьстаяньню ЗША і СССР з‑за савецкіх ракетаў на Кубе. З тых падзеяў мінула шмат часу. Сёлета 6 чэрвеня адзначалася ўжо 40‑я гадавіна забойства Робэрта Кэнэдзі, брата прэзыдэнта Кэнэдзі, забітага ў 1963‑м. Абодва Кэнэдзі з’яўляюцца галоўнымі пэрсанажамі кінааповяду.

Здавалася б, фільм пастаўлены ў 2000 годзе, павінен быў састарэць. Але ж зьмест карціны, прафэсійна зробленай на падставе рэальных гістарычных фактаў, амаль у дакумэнтальным стылі, шмат у чым падаецца актуальным.

«Парвэню» і «гарыла»

Апрача асноўнай фабулы — Карыбскага крызысу, які паставіў сьвет на грань ядравай вайны, ёсьць у фільме яшчэ адзін, ня менш драматычны сюжэт. Гэта процістаяньне прэзыдэнта Джона Кэнэдзі і амэрыканскіх генэралаў, а таксама, фактычна, усёй ягонай адміністрацыі, улучна з дзяржсакратаром Дынам Раскам. Паводле аўтараў фільма, справа нават ня ў тым, што генэралы хацелі тады любой цаной апраўдацца за вайсковую паразу ў Затоцы Сьвіньняў на Кубе і паказаць Хрушчову «кузькину мать» (калі скарыстацца ўлюбёным выразам тагачаснага першага сакратара ЦК КПСС).

Справа ў тым, што амэрыканскі істэблішмэнт лічыў Джона і Робэрта Кэнэдзі свайго роду «парвэню», выпадковымі людзьмі на палітычным Алімпе. І на тое былі свае падставы. Дастаткова сказаць, што Кэнэдзі быў першым і апошнім прэзыдэнтам‑каталіком у гісторыі Злучаных Штатаў, ды яшчэ ірляндцам паводле паходжаньня.

Акрамя таго, вышэйшая кляса не магла дараваць маладым братам Кэнэдзі багацьця, якое дасталося ім у спадчыну, звычкі да шыкоўнага ладу жыцьця, арыстакратычных манераў, якія неверагодным чынам спалучаліся ў іх зь лібэральнымі ідэямі ў палітыцы ды эканоміцы. Надзвычайная папулярнасьць Кэнэдзі, іх вольная манэра паводзінаў і асабліва — любоў Джона да жаночага полу раздражнялі палітыкаў старой фармацыі.

Бацька прэзыдэнта Джозэф Кэнэдзі быў паслом ЗША ў Англіі да пачатку Другой сусьветнай вайны і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Мюнхэнскай змовы ў 1938‑м годзе, якая разьвязала рукі Гітлеру. Гэта дала падставу аўтарам фільму ўкласьці ў вусны Дына Раска зьедлівую рэпліку наконт Джона Кэнэдзі — маўляў, сын паўтарае памылку бацькі, спрабуючы ўціхамірыць агрэсара.

У тагачаснай крызіснай сітуацыі ўзьнік момант, калі Джон у сваім процістаяньні палітычнаму істэблішмэнту застаўся ў адзіноце — на яго баку засталіся, акрамя брата, усяго некалькі чалавек, у тым ліку тагачасны міністар абароны Робэрт Макнамара. Яго, дарэчы, савецкія карыкатурысты малявалі ня йначай як у выглядзе гарылы зь ядравай дубінкай у руцэ — і гэта ў той час, калі Макнамара адыграў, можна сказаць адну з галоўных роляў у вырашэньні крызісу мірным шляхам. (Гэта ён падаў ідэю марской блякады Кубы замест нападу на яе.) Джону Кэнэдзі ўдалося пераламіць сітуацыю, нягледзячы на жорсткі псыхалягічны ціск з боку ўласных палітыкаў, а таксама шантаж і татальную ману з боку СССР, пры амаль поўнай адсутнасьці інфармацыі аб сапраўдных намерах савецкага кіраўніцтва.

Кэнэдзі і Абама

На пачатку гэтага году ў фэльетоне «Чаму я не хачу пісаць пра выбары ў ЗША» мне ўжо давялося выказваць думку, што толькі цуд, выглядае, можа перашкодзіць Бараку Абаму стаць прэзыдэнтам. За тры з паловай месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў у гэтым ужо мала хто сумняваецца. Але ў чым сувязь сувязь паміж асобамі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Барака Абамы і прэзыдэнта‑дэмакрата Джона Кэнэдзі?

Яна бачыцца ня толькі ў тым, што браты Кэнэдзі ў свой час шмат зрабілі для працэсу дэсэгрэгацыі ЗША — наданьня афраамэрыканцам роўных правоў зь белымі. Працэсу, які зрабіў, урэшце, магчымым вылучэньне цемнаскурага кандыдата на прэзыдэнты. Абраньне яго, безумоўна пакладзе пачатак новай эпосе ў амэрыканскай палітыцы.

Але ж ня толькі кандыдат ад рэспубліканцаў Джон Маккэйн, многія іншыя амэрыканскія палітыкі і эскпэрты выказваюць апасеньні, што Абаму не хапае палітычнага досьведу. Па‑сутнасьці, ён, як некалі Кэнэдзі, успрымаецца сучасным істэблішмэнтам як парвэню, выскачка. (Праўда, Абама — усё ж такі пратэстант). Але ў Джона Кэнэдзі былі ясна сфармуляваныя — прынамсі, у многіх важнейшых пазыцыях — палітычныя і эканамічныя погляды, якіх ён цьвёрда трымаўся. Ці ёсьць такія ж ясныя погляды, цьвёрдыя перакананьні ў меркаванага будучага прэзыдэнта? Асабліва ў тым, што тычыцца гэапалітыкі. Многія выказваюць у гэтым сумнеў.

Усе прызнаюць, што Абама ўмела карыстаецца палітычнай кан’юнктурай, пры гэтым праяўляючы напорыстасьць і гнуткасьць адначасова. Аднак, ці дастаткова гэтых якасьцяў, каб ачоліць нацыю перад навалай звышскладаных праблемаў і пагрозаў, якія паўсталі перад Амэрыкай. І што яшчэ больш важна — перад сьветам, дзе ЗША, хочуць яны таго альбо не, адыгрываюць (адыгрывалі?) вызначальную для лёсу заходняй цывілізацыі ролю.

У амэрыканскіх прэзыдэнтаў ХХ стагодзьдзя, у тым ліку й ў Кэнэдзі, не было ніякіх сумневаў што да прыроды камуністычнага рэжыму — стаялі на чале СССР Сталін, Хрушчоў або Брэжнеў. І таго, як належыць размаўляць зь дзяржавай, якая прызнае толькі мову сілы. ЗША ніколі ў гісторыі ня ставілі на «чырвонае».

У дачыненьні ж да пуцінскай Расеі Белы Дом Буша ставіцца так, быццам гэта цывілізаваная краіна, кіраўніцтва якой можна ўгаварыць «паводзіць сябе добра».

Тую самую лінію, выглядае, зьбіраецца працягваць і Барак Абама.

Уэсьлі замест Кондзі?

Заклік Алены Бонэр (удавы акадэміка Сахарава) і экс‑дысыдэнта Ўладзімера Букоўскага выключыць Расею зь «вялікай восемкі» за агрэсіўную палітыку і за тое, што яе ўлады ўсё больш груба парушаюць правы чалавека, застаўся непачутым кандыдатам ад дэмакратаў. Абама выступіў за далейшае сяброўства Расеі ў G‑8. Яе выключэньне ён назваў «кепскай ідэяй», бо без Расеі, на ягоную думку, ЗША ня змогуць змагацца супраць далейшага распаўсюджваньня ядравай зброі. Ролю Расеі ў падтрымцы Тэгерану, які імкнецца стварыць ўласныя ядравыя тэхналёгіі, а таксама разьвівае ракетныя тэхналёгіі, Абама не згадаў.

Варта адзначцць, што адну з дамоўленасьцяў, дасягнутых на саміце ў Японіі, Расея парушыла ўсяго празь некалькі дзён па яго завяршэньні. Разам зь Кітаем яна заблякавала прыняцьцё рэзалюцыі ААН пра санкцыі супраць дыктатарскага рэжыму Зымбабвэ. Гэта выклікала абурэньне Англіі і ЗША — не ў апошнюю чаргу таму, што прэзыдэнт Мядзьведзеў удзельнічаў у абмеркаваньні гэтых санкцыяў на саміце, дзе ўсе рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Такім чынам, Расея дэманстратыўна парушыла дамоўленасьць. Ці замежнапалітычнае ведамства РФ наўмысна, ва ўгоду Пуціну, «падставіла» кіраўніка дзяржавы, ці ён сам не гаспадар свайму слову — ня так важна. Масква чарговы раз прадэманстравала, што ёй верыць нельга і што ёй пляваць на правы чалавека, тым больш, калі яны парушаюцца ў афрыканскай краіне.

Кандаліза Райс, адрозна ад узыходзячай «чорнай зоркі», завяршае сваю палітычную кар’еру. Падчас свайго нядаўняга выступу на радыё «Свабода» ў Празе яна гаварыла аб важнасьці падтрымкі дэмакратыі нават там, дзе, здаецца, згасьлі ўжо ўсе надзеі. Адмовіцца ад такой падтрымкі, на яе думку, азначала б здрадзіць ідэалам дэмакратыі і тым, хто ў іх верыць. Вось чаму, паводле яе словаў, яна забараніла апошнім амэрыканскім дыпляматам пакідаць Беларусь і апускаць сьцяг ЗША над амабасадай у Менску.

Кандаліза Райс, выглядае, застаецца сярод апошніх ідэалістаў у міжнароднай палітыцы. Ідэалістаў у высокім сэнсе гэтага слова. На зьмену, так бы мовіць, рамантыкам вяртаюцца прагматыкі. Такія, якімі былі, напрыклад, Нэвіл Чэмбэрлен і Джозэф Кэнэдзі ў 1938‑м.

Замежнай палітыцы, за выключэньнем вайны ў Іраку, яўна не адводзіцца ўдарная роля ў праграме прагматычнага кандыдата ад дэмакратаў на выбарах‑2008.

Якой будзе гэтая палітыка пры новай адміністрацыі, застаецца гадаць. Многія экспэрты ўскладаюць спадзяваньні на тое, што Абама — дастаткова разумны і сучасны мэнэджэр для таго, каб атачыць сябе не падхалімамі і тупымі выканаўцамі сваёй волі, а спрактыкаванымі прафэсіяналамі з моцнымі маральна‑валявымі якасьцямі. (Менавіта такіх прафэсіяналаў яўна бракуе ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі ў цяперашні, крызісны для яго момант.)

Кажуць, сярод кандыдатаў на будучага дзяржсакратара ў адміністрацыі Барака Абамы фігуруе Уэсьлі Кларк — былы камандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО падчас вайны ў Югаславіі. Паводле некаторых зьвестак, продкі генэрала паходзяць зь Беларусі…

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0