У Маскве заяўляюць пра неабходнасць аднавіць з Паўночнаатлантычным альянсам (НАТА) былыя адносіны, прызнаючы, што «ёсць маса прычын», па якіх дзяржавы хочуць знаходзіцца ў гэтай арганізацыі. Пра гэта піша Newsru.com.

AP

«Які анахранізм? Многім краінам знаходзіцца ў НАТА проста выгадна, выгадна эканамічна, палітычна, таму што не трэба будаваць самастойную знешнюю палітыку, дастаткова далучыцца да агульнай», — заявіў у інтэрв'ю «Інтэрфаксу» дырэктар дэпартамента агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС РФ Андрэй Келін, адказваючы на пытанне аб тым, ці па-ранейшаму ў Маскве лічаць НАТА рэліктам і анахранізмам халоднай вайны.

Пры гэтым ён адзначыў, што НАТА — «гэта рэальнасць, гэта ваенны фактар, і таму аднымі загаворамі тут не абыйдзешся». «З НАТА трэба выбудоўваць нармальныя адносіны і аднавіць тое, што было», — падкрэсліў высокапастаўлены дыпламат.

Келін растлумачыў, што «ёсць маса прычын, па якіх дзяржавы, асабліва невялікія, хочуць знаходзіцца ў такой арганізацыі». «Няма неабходнасці ствараць абарону па ўсім перыметры краіны. Дапусцім, той жа Бельгіі не трэба мець самастойныя ваенна-марскія сілы, авіяцыю, СПА. Гаворка ідзе пра падзел працы, што значна танней. Адна краіна ўтрымлівае, скажам, два фрэгата і чатыры знішчальніка. А суседняя выконвае іншыя баявыя задачы», — адзначыў дыпламат.

Суразмоўца агенцтва лічыць, што, «вядома ж, танней знаходзіцца ў такім ваенным саюзе, чым самастойна будаваць абарону па ўсім азімуце». «І, сапраўды, немагчыма пераканаць краіны-сябры ў тым, што з НАТА трэба выходзіць, што гэта анахранізм, таму што чыста рацыянальныя прычыны пераважваюць», — падкрэсліў Келін.

Адзначым, што гэтыя заявы зробленыя на фоне дыпламатычных гульняў паміж РФ і ЗША: 2016 год завяршыўся скандалам, у ходзе якога 35 расійскіх дыпламатаў былі выгнаныя адміністрацыяй прэзідэнта Барака Абамы з Вашынгтона і Сан-Францыска. Аднак у адказ на гэта прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін нечакана вырашыў не спяшацца са зваротнай высылкай амерыканскіх дыпламатаў, чым выклікаў ухвалу абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?