07.01.2017 / 11:41

Аўтарка бестселера «Гэта Беларусь, дзетка»: У Беларусі я знайшла каханне і натхненне 63

Калі пасля заканчэння магістратуры ў Галандыі Маша Чаракова заявіла, што едзе ў Беларусь валанцёрыць, сябры сказалі: «Вар’ятка!». Але дзяўчына не прывыкла адступаць, таму спакавала валізку і накіравалася ў Мінск.

«Я памятаю, як сышла з самалёта. У мяне было адчуванне, што я дома. Гэта немагчыма перадаць!», — захоплена прыгадвае Маша.

Калі ёй было восем гадоў, сям’я вырашыла пераехаць з Беларусі ў Галандыю, у горад Утрэхт, што ў цэнтры краіны. Маша кажа, што ўсе іх сваякі разбегліся па свеце: хто рвануў у Амерыку, хто ў Германію. У Беларусі засталіся толькі сябры.

«Мы з сястрой [у Машы ёсць сястра-блізнюк Ганна — НН] вельмі хацелі быць галандцамі. Нават з мамай не хацелі па-руску гаварыць, бо лічылі, што галандская мова — першая. Праз паўтара года па-галандску гаварылі як галандцы. Мы, маленькія дзяўчынкі, самі хадзілі ў бібліятэку і часам за тыдзень паспявалі прачытаць па дзесяць кніг. Ужо тады я любіла пісаць. Нядаўна мама адшукала 12 маіх дзённікаў. Вар’яцтва! Я ўзялася іх чытаць і так смяялася: «Я ненавіджу маю сястру! Я ненавіджу маю маму!». Калі табе 10-11 гадоў, ты ўсіх ненавідзіш. Мне трэба гэта чытаць, калі мой сын будзе ў такім узросце», — усміхаецца Маша.

Фота сясцёр 90-х гадоў. Ганна і Маша (справа).

Пасля пераезду ў Галандыю на радзіме сям’я бывала не часта, прыязджалі раз на год наведаць сяброў і бацькоў. Тады Машу Беларусь не асабліва цікавіла, паездкі былі экскурсіяй па родных, дарагіх яе маці месцах. Але быў перыяд, калі Маша зірнула на Беларусь іншымі вачыма.

«Маім першым хлопцам, першым каханнем быў Зміцер з Мінска, мне тады было 15. Ён быў з сям’і маміных сяброў, і калі яны прыехалі ў Галандыю, мы са Змітром закахаліся. Нашы адносіны цягнуліся некалькі гадоў, і кожны мой прыезд у Мінск быў сцэнай кахання. Для Ані, маёй сястры, усё ўспрымалася крыху іначай, бо яна хадзіла за намі як хвосцік. Калі мы са Змітром разышліся, Мінск ужо не меў для мяне такога значэння», — распавядае дзяўчына.

Пасля магістратуры Маша вырашыла пажыць у «маміным горадзе» і прыехала ў Мінск валанцёрыць.

Прыехала прасоўваць Галандыю, але вырашыла развіваць Беларусь

Маша Чаракова: «У Галандыі клімат больш мяккі, чым у Беларусі, але там шмат дажджоў, тыднямі можа ліць. Гэта жахліва. Як па мне, то лепш -20 марозу і снег, чым дождж».

Ад валанцёрства Маша была не ў захапленні. Найперш таму, што яго ідэя была ў тым, каб прасоўваць Галандыю ў нашай краіне. Маша ж хацела развіваць Беларусь.

«Калі я бачу нейкую праблему, то хачу яе вырашыць. У мяне былі ідэі, як дапамагчы інвалідам і іншым людзям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дагэтуль у Галандыі мы з сястрой стварылі арганізацыю, звязаную з сацыяльным прадпрымальніцтвам. Мы дапамагалі будаваць бізнэс, які не толькі прыносіць грошы, але і вырашае пэўныя праблемы грамадства. Я ўжо ведала, як гэта рабіць, і хацела стварыць штосьці падобнае тут», — распавядае Маша.

Пасля года валанцёрства дзяўчына вырашыла застацца ў Беларусі. Яна пазнаёмілася з сузаснавальнікам інтэрнэт-аўкцыёну «Мае Сэнс» Дзянісам Кандратовічам, з якім яны разам стварылі праграму SocStarter па развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва. У ёй узялі ўдзел 60 чалавек, з якіх шасцёра найлепшых прайшлі стажыроўку ў Галандыі.

Цяпер Маша ўдзельнічае ў яшчэ адной падобнай праграме ў Беларусі — Biz4All. Пры падтрымцы Еўразвязу яе ажыццяўляюць адразу чатыры арганізацыі: ОДБ Брусэль (Бельгія), дзе Маша з'яўляецца кансультантам па пытаннях сацыяльнага прадпрымальніцтва, TNU Network University (Нідэрланды), беларускае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Новыя твары» і згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Праграма будзе цягнуцца дзевяць месяцаў, да ліпеня 2017 года. Ахвотных паўдзельнічаць назбіралася 500 чалавек, але адабралі толькі 133.

«Гэта людзі, якія не проста сядзяць і гавораць, што эканамічны крызіс. Яны хочуць штосьці зрабіць, — адзначае Маша. — Пяць гадоў таму, калі мы толькі пачыналі развіваць сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Беларусі, такіх людзей было вельмі мала, мы іх шукалі. Цяпер іх шмат».

«Што такое Беларусь? Нейкі горад у Расіі?»

Напрыканцы 2014 года Маша Чаракова і Марта Чарнова пачалі весці блог etobelarusdetka.com. Маша пісала нататкі пра беларусаў і жыццё ў Беларусі, а Марта ажыўляла іх цікавымі коміксамі. Хутка дзяўчаты зразумелі, што інтэрнэт-прасторы ім мала і перанеслі блог у кнігу, якая выйшла адразу на дзвюх мовах: беларускай і англійскай. Кніга атрымалася яркай, заўважнай і хутка трапіла ў топы самых прадавальных.

Кнігу перавыдавалі шэсць разоў, цягам года прадалі 20 тысяч экзэмпляраў. «Гэта Беларусь, дзетка» таксама выйшла на рускай і англійскай мовах і ў перакладзе на іспанскую, нямецкую і кітайскую.

«Я бачыла, што ніхто не ведае пра Беларусь. Так было ў Галандыі, у Аўстраліі, дзе я вучылася год па абмене. У мяне пыталіся: «Што такое Беларусь? Нейкі горад у Расіі?» Мяне гэта злавала, я хацела штосьці з гэтым зрабіць, — прыгадвае Маша. — Потым я зразумела, што гэта праблема многіх беларусаў. Кожны раз, калі яны кудысьці едуць, ім даводзіцца тлумачыць, дзе знаходзіцца Беларусь, што гэта за краіна».

Малюнак etobelarusdetka.com

Вось тады Маша і вырашыла, што будзе пісаць блог. Яна разумела, што займае ўнікальную пазіцыю: быццам і не з Беларусі, але разумее, адчувае беларусаў. Якраз у гэты час яна сустрэла Марту, якая ўзялася маляваць да пастоў карцінкі.

Малюнкі etobelarusdetka.com

«Памятаю, як Марта прыехала да мяне ў Амстэрдам, і мы зайшлі ў кніжную краму. Я казала, што тут будзе ляжаць наша кніжка. Яна глядзела на мяне з сумневам, маўляў: «Ага, у гэтай Машы зноў нейкія шалёныя ідэі. І вось мы вырашылі друкаваць кнігу», — распавядае дзяўчына.

Я думала, нічога не атрымаецца, бо адной з умоў было, што кніга выйдзе па-англійску і па-беларуску. Не хацела па-руску, бо лічу, што беларуская мова вельмі важная для беларусаў, ёй трэба ганарыцца і яе нельга згубіць. Тым больш у нас і ў кнізе ідзе гаворка пра беларускую мову, для мяне было б дзіўна і няправільна, калі б кніга выйшла па-руску».

У выдавецтве «Харвест» ідэю ўхвалілі, і хутка кніга з’явілася на паліцах кнігарняў. Поспех натхніў дзяўчат напісаць яшчэ тры кнігі: гістарычную і дзве дзіцячыя. Плануецца, што ўсе яны выйдуць у 2017 годзе. У гістарычнай Маша хоча сабраць знакавыя падзеі ў гісторыі нашай краіны, што адбыліся да таго, як Беларусь стала часткай Савецкага Саюза. Цяпер яна штомесяц размаўляе па скайпе з вядомым беларускім гісторыкам, доктарам гістарычных навук Захарам Шыбекам, які эміграваў у Ізраіль. Маша занатоўвае пачутае, каб потым жыва і цікава пераказаць гэта ў новай кнізе.

Паралельна Маша працуе над стварэннем гіда па Мінску, а летам плануе ладзіць туры па кнізе «Гэта Беларусь, дзетка».

«Ужо два гады мы працуем амаль бясплатна, — адзначае дзяўчына. — Краўдфандынг нам штосьці аддаў, але ж мы павінны плаціць нашым менеджарам. Некаторыя кажуць, што, маўляў, мы сюды прыехалі, каб напісаць кнігу і разбагацець. Але гэта такое глупства! Кнігі — гэта бізнэс, які нічога не дае ў фінансавым плане, але шмат — у сацыяльным».

«Беларусы — гэта вялікі сюрпрыз»

Маша не можа сказаць адназначна, што яна беларуска. Не можа назваць сябе і галандкай.

«Я люблю Беларусь, але калі я тут, то адчуваю, што не беларуска. Калі ў Галандыі, адчуваю, што не галандка», — прызнаецца яна.

Дзяўчына кажа, што ў Галандыі жыць лёгка, бо ўсё добра арганізавана. Гэта краіна, дзе амаль усё магчыма, бо калі штосьці прыдумаў, ажыццявіць гэта не складана. Але што тычыцца ментальнасці, то беларусы ёй бліжэйшыя.

Маша Чаракова: «Галандцы глядзяць на ровар як на транспарт, гэта дае пэўную свабоду. Я залежу толькі ад майго ровара, з ім усё павінна быць «акей». У нас дома іх шэсць: звычайныя, спартыўны, мама-байк. Нават калі зіма і на дварэ -15 марозу, мы ўсё адно ездзім на ровары, па-іншаму не можам». На фота Маша з жаніхом Джорджам і іх сынам Наамам.

«У галандцаў не гумар, а сарказм. Я не люблю крыўдзіць людзей і не бачу ў сарказме гумару. Беларусы любяць пасмяяцца з сябе, мне гэта падабаецца, я таксама такая. Тут сапраўдная дабрыня, сапраўдныя сябры, якія будуць шчыра дапамагаць. У Галандыі гэта нават не трэба, бо альбо дзяржава ўсё вырашае, альбо сям’я.

Галандцы індывідуалісты, сябры ў іх як забава. Беларусы — гэта вялікі сюрпрыз. Вось ты думаеш: «Яна на мяне так глядзіць, мабыць, хоча забіць». А праз некаторы час вы самыя лепшыя сябры. Ты не можаш нічога сказаць пра беларусаў у першы момант, яны быццам закрытая кніга, якую трэба адкрываць. Гэта мне падабаецца», — разважае Маша.

На яе думку, беларусам не хапае ініцыятыўнасці, якая ёсць у галандцаў. Яна часта сутыкаецца з тым, што беларусы не гатовыя вырашаць праблемы, хоць і бачаць іх.

«Сяброўка прыйдзе выгаварыцца, а я не магу яе проста слухаць, мне трэба адразу распрацоўваць план, як вырашыць яе праблему. І вырашыць не праз месяц, не праз год, а заўтра. Я ўжо пяць гадоў у Беларусі і разумею, з кім магу працаваць, хто думае, як я, а хто не. Мне цяпер лягчэй, бо раней я шмат энергіі аддавала на вырашэнне таго, што не магу вырашыць.

Я магу сто ідэй даць, як выправіць сітуацыю, але беларусы не хочуць яе выпраўляць! Вось мы ўбачылі праблему, што пра Беларусь не ведаюць, і напісалі кнігу. Убачылі, што турыстаў мала, а краіну трэба паказаць, і вырашылі ладзіць туры. Людзі кажуць: «Гэта таму, што яна замежніца, думае, што ўсё можа». Але гэта ўсе могуць! Гэта не таму, што я ўнікальная», — узрушаецца Маша.

Пра тое, як знайшла ў Беларусі каханне

Маша з Джорджам.

Менавіта ў Беларусі Маша зразумела, што Джордж, з якім яна сябравала дзесяць гадоў, для яе больш, чым проста сябар. Яны пазнаёміліся ў Галандыі, куды ён прыехаў са Швейцарыі вучыцца па абмене. Потым вярнуўся на Радзіму, але сяброўства захавалася, і яны часта наведвалі адно аднаго.

«Калі я была ў Беларусі, ён вырашыў мяне наведаць, — распавядае Маша. — Хацела звесці яго з маёй сяброўкай, але, калі ён сышоў з самалёта, падумала: «Не, нікуды ты не пойдзеш». Ён быў тут усяго тры дні, але гэта было неймаверна. Потым цягам года мы сустракаліся кожныя два тыдні. Альбо я да яго ехала, альбо ён да мяне, альбо бачыліся ў Вільні. Гэта было вар’яцтва. Мы зразумелі, што так жыць нельга, і паўтара года таму вырашылі дзесьці асесці. У Мінск Джордж не хацеў з-за працы. Выбіралі паміж Амстэрдамам і Швейцарыяй. Я хацела ў Амстэрдам, гэта бліжэй да Беларусі. У нас нарадзіўся сын Наам, цяпер чакаем дзяўчынку».

Наам.

Сыну Машы і Джорджа год і тры месяцы. Ён адначасова засвойвае чатыры мовы: нямецкую, англійскую, рускую і галандскую. Наам ужо паспеў пабываць у Беларусі, і Маша спадзяецца, што, калі ён вырасце, таксама будзе прыязджаць.

«У Беларусі я знайшла і каханне, і натхненне, — прызнаецца Маша. — Калі я кажу пра Беларусь, то гэта заўсёды «ваў», гэта заўсёды энергія».

Цяпер Маша бывае ў Беларусі штомесяц, прыязджае на тры-сем дзён і вяртаецца ў Амстэрдам да сына і мужа.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Настасся Роўда, фота аўтара і з архіва Машы Чараковай

3
le mantar / Адказаць
07.01.2017 / 11:57
У мяне да яе толькі адно пытанне: дзе, ..., коска на вокладцы перад словам "дзетка"?
12
Zhvir / Адказаць
07.01.2017 / 12:00
Dzielia çaho treba çytac tuju knihu ? Chacia b try punkty pieraliçycie.
16
Крытычны погляд / Адказаць
07.01.2017 / 12:01
Аднак каханне ейнае са Швайцарыі, а не з Беларусі. І жыць яна абрала з сям'ёй у Амстэрдаме, а не ў Менску. А ў Беларусь будзе туры ладзіць каб паглядзелі на запаведнік саўка ў якім сама яна жыць не хоча і не будзе.
Паказаць усе каментары/ 63 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру