Месяц таму вырашыў памяняць пашпарт, бо скончыліся старонкі ў ім. Як прагрэсіўны малады чалавек паглядзеў усё загадзя на афіцыйных старонках аддзелу па грамадзянству і міграцыі, знайшоў што з сабой браць, а што не браць, якія здымкі рабіць (4 на 5), а якія не рабіць (9 на 12) і г.д. Ды ў нейкі момант падумаў: што я за бэйбус такі, трэба ж прыгожым выглядаць на здымку. І вырашыў у выніку сфатаграфавацца ў вышыванцы (дзякуй LSTR Adzieńnie за яе). Прыходжу ў разлікова-даведачны цэнтр увесь такі расфуфыраны і задаволены тым, што цяперака буду прыгожым у пашпарце і пры любой нагодзе ўсім замежцам паказваць, каб адразу разумелі, які жук перад імі стаіць. Карацей, без праблем здаў усе дакуманты, і нават з пашпартысткамі міла паразмаўляў пра тое, якая прыгожая беларуская мова, і што трэба на ёй часьцей усім размаўляць. Сказалі адзін аднаму на развітаньне «Да пабачэння» ды годзе. Падумаў я, што справа зроблена. Ага, як-бы не так.

Прыходжу праз 3 дні, каб забраць назад пашпарт, бо там віза дзеючая. А мне замест пашпарту, усе дакуманты суюць і кажуць:

— Не прынялі вашыя паперкі.

Я ажно прысеў:

— Як не прынялі?

— Ды вось, сказалі, што праблема ў здымку…

— Дык а што з ім не так?

— Напэўна, ў кашулі вашай, што з арнаментам…

Як толькі першае пачуццё несправядлівасці адпусціла, вырашыў наважыць на сваім і перайсці ў наступ, каб далі мне больш уцямнае тлумачэнне ў адмове дый яшчэ са спасылкамі на нарматыўныя акты. Але нічога канкрэтнага так і не пачуў, акром як адсылку да патрабавання пад назвай «на здымку павінна адсутнічаць незарэгістраваная сімволіка». Чаму беларускі арнамент лічыцца незарэгістраванай сімволікай, я так і не зразумеў. Таму вырашыў паехаць у структуру павышэй, у сам раённы аддзел па грамадзянству і міграцыі.

І што вы думаеце, там мясцовыя спэцыялісты мне сказалі тое самае, але ўжо вынеслі раздрукаваны нарматыўны дакумант, дзе паказалі [тут зараз будзі доўгі тэкст ужо юрыдычнага характару] п.7 раздзела «Тэхнічныя патрабаванні да фотаздымкаў для пашпартоў» Пастановы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 28.06.2010 N 200 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку арганізацыі працы падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па выдачы, уліку, абмену, прызнанні несапраўдным, канфіскацыі, захоўванні і знішчэнні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», дзе напісана, што «не дапускаецца наяўнасць на твары, шыі, прадметах адзення фатаграфуемага (у межах трафарэта для фотадруку) сімволікі, не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку (акрамя ювелірных вырабаў і біжутэрыі)». Але патлумачыць, чаму беларускі арнамент лічыцца незарэгістраванай сымболікай, мне ізноў не змаглі. На жаль, на той момант начальніка аддзелу таксама не было. У выніку вырашыў напісаць электронны зварот.

Покуль пісаў свой зварот, некалькі разоў думаў пра тое, як добра, што ў нас яшчэ не адабралі такую магчымасьць. Спадзяюся і не адменяць па той прычыне, што ў чыноўнікаў гэта адбірае ўвесь працоўны час, а трэба ж яшчэ і краінай кіраваць, а не папяровай працай займацца. У выніку напісаў маленькі тэкст на старонку А4 шрыфтом таймс нью роман і памерам 12, але цяпер адаслаў адразу ў дзве інстанцыі: раённы і гарадскі аддзелы па грамадзянству і міграцыі.

І вось якая развязка атрымалася: менш чым праз тыдзень акурат перад самымі святамі патэлефанаваў начальнік раённага аддзелу і паведаміў, што мая справа вырашана, а ўсе вінаватыя падначаленыя пакараны, бо які нармальны чалавек будзе лічыць вышыванку незарэгістраванай сімволікай? Пры гэтым дужа выбачаўся, што не можа па-беларуску стасавацца і папрасіў прыехаць на наступны дзень, каб прывез ім дакуманты, а яны, адпаведна, мелі магчымасьць зрабіць мне пашпарт.

Прыехаў, аддаў. Папрасілі забраць заяву, бо на працы канец году і ва ўсіх завал, а сама справа ў прынцыпе вырашана на маю карысць. Канечне, цікавей бы было прычапіць афіцыйны адказ у фб, але я вырашыў пайсці насустрач, каб у іх пра беларускамоўных была пазітыўная рэпутацыя. Пашпарт абяцалі зрабіць хутка.

І што мы маем у выніку?

1) рабіць здымкі на пашпарт у вышыванках не забараняецца;

2) беларускі арнамент не з'яўляецца незарэгістраванай сімволікай, таму калі вам пра гэта кажуць, то смела адказвайце, што ні ў якіх нарматыўных актах МУСа гэтага няма і не будзе (альбо ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі пра гэта тады нічога не ведаюць);

3) не кідайце справу на палове вашага маршруту: вярнулі дакументы — пішыце запыт у вышэйстаячыя інстанцыі. Гэта ж глупства якое, назваць беларускую вышыванку незарэгістраванай сімволікай (!).

Калі па дарозе вам сустракаецца гара, то гэта не значыць, што трэба разварочвацца назад альбо лезці праз яе. Магчыма, ёсць больш просты варыянт вырашэння праблемы ў выглядзе тунэлю. Трэба проста правільна спытацца, як да яго прайсці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?