Кастусь Ларкоў. Фота Настассі Роўды

Кастусь Ларкоў. Фота Настассі Роўды

Слава знайшла Кастуся, яшчэ калі ён працаваў на хлебазаводзе ў Верхнядзвінску. Яму замаўлялі караваі на святы і ўрачыстасці, вяселлі, падчас прыезду ў раён важных гасцей. Пекар сваю справу ведае і любіць, у кожны каравай укладвае душу і кожнаму імкнецца надаць сімвалічнасць, таму хутка да яго пачалі звяртацца не толькі з усёй Беларусі, але і з замежжа.

«Верхнядзвінск трэба было кідаць, бо далей не было куды расці, — тлумачыць пекар. — Гэта адзіны хлебазавод у горадзе, і я адпрацаваў на ім 16 гадоў. Былі пэўныя перасцярогі, што пакідаю родную хату, бацькоў, але ехаў з энтузіязмам».

Спачатку Кастусь накіраваўся ў Мінск, дзе амаль год загадваў пякарняй у супермаркеце.

«Пасля таго як я пераехаў у Мінск, на заводзе ў Верхнядзвінску заставалася працаваць дзяўчына, якая добра рабіла караваі. Аднак праз год і яна перабралася ў беларускую сталіцу, — дадае адмысловец. — Пэўна, гэта праз малыя заробкі. Калі б жыццё было добрае, не думаю, што хтосьці б з’язджаў».

У хуткім часе Кастуся запрасілі ў Вільню, дзе якраз адкрывалася новая фірма па выпечцы пірагоў, шукалі адмыслоўцаў. Умовы былі прывабныя, таму ён пагадзіўся.

«Збольшага падабаецца, адназначна лепей, чым у Беларусі, дзе сістэма збудавана так, што цябе заганяюць у кут і ты пры ўсёй адданасці да працы не ў стане выканаць усе патрабаванні да цябе. У Вільні галоўная ўстаноўка — якасць. Лепш зрабіць меней, але якасней. Гэта таксама і мой прыярытэт», — распавядае адмысловец.

Працуе Кастусь уначы, прыходзіць каля 22 ці 23 гадзін і бярэцца за работу. Да раніцы ўсё павінна быць гатова, таму працоўны дзень у яго заканчваецца, калі ў большасці яшчэ не пачаўся, — у 5-6 гадзін. Праўда, дыскамфорту ён не адчувае, у Верхнядзвінску было тое самае. У Мінску працаваў удзень, але зразумеў, што гэта для яго не найлепшы графік.

«Калі я працаваў у Беларусі, у мяне была мэта надаць вырабам урачыстасць, бо звычайна я пёк іх да нейкага свята. У Вільні я раблю пірагі для ежы, — адзначае пекар. — Тут мне давялося гатаваць піражкі кібінаі. Цеста нагадвае пясочнае, але яно несалодкае. Піражкі вельмі сытныя, іх робяць з мясам, тварагом, капустай. Дарэчы, вельмі смачныя. Увогуле, у сэнсе ежы літоўцы больш капрызныя, чым беларусы».

Так выглядаюць кібінаі.

Пірагі Кастуся ў Вільні цэняць, пакупнікі перадаюць яму паклоны. Ужо пачалі і запрашаць яго даваць майстар-класы.

«Адна жанчына ўбачыла маё відэа ў інтэрнэце, знайшла мяне ў фэйсбуку і напісала, — прыгадвае адмысловец. — Як яна была здзіўленая, дазнаўшыся, што я ў гэтую хвіліну ў Вільні! Запрасіла мяне даць майстар-клас, я не адмовіў».

Чужым у Вільні Кастусь сябе не адчувае, вакол шмат беларусаў. Дзве дзяўчыны, што працуюць побач з ім, таксама беларускі. Ды і ў многіх іншых яго калег беларускія карані.

Да пераезду Кастусь ніколі не быў у Літве, але краіна яго не асабліва здзівіла.

«Літоўцы жывуць прыкладна як беларусы, не адчуваю вялікай розніцы. Моцна грашыма не раскідваюцца, спрабуюць эканоміць, бачна, як рэагуюць на акцыі ў крамах, — адзначае пекар. — Што тычыцца самой Вільні, то прыемна ўразіў стары горад, але спальныя раёны вока не парадавалі. Падаецца, у Мінску яны выглядаюць прывабней».

Пра Беларусь Кастусь думае, на Радзіму цягне і мяркуе, што праз нейкі час вернецца. Але на мару адкрыць штосьці сваё глядзіць цвяроза.

«У Беларусі гэта складана, — лічыць адмысловец. — У Літве патрабаванняў нашмат менш, гэта адчуваецца, у бюракратычным плане працаваць прасцей. У Беларусі калі і адчыніць штосьці сваё, то ад творчасці будзеш далёка. Давядзецца займацца нейкімі паперамі, а не любімай справай. Гэта не зусім мой варыянт. Кожны дзень абавязкова павінен быць нейкі час, нейкая хвіліна, прысвечаная выпечцы».

Каравай «Нашай Ніве» ад Кастуся. Фота Сяргея Гудзіліна.

Каравай «Нашай Ніве» ад Кастуся. Фота Сяргея Гудзіліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?