Спецпрадпрыемства Нацбанка ўтылізуе 10 вагонаў «старых» грошай. З Новага года яны цалкам зніклі з абароту, але іх яшчэ можна абмяняць у банках.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Як піша газета «Рэспубліка», у Нацбанку падлічылі, што пятнаццаць гадоў у абароце былі 600 мільёнаў купюр узору 2000 года. Гэта каля 7,5 тысячы кантэйнераў, якія выкарыстоўваюцца для міжбанкаўскіх перавозак, альбо 600 тон банкнот. Паколькі грузападымальнасць аднаго чыгуначнага вагона складае ў сярэднім 60 тон, атрымліваецца, што ўсе «старыя» грошы можна было б вывезці ў дзясятку вагонаў. Аднак гэта не спатрэбілася, паколькі купюры з абароту прыбіралі паступова.

У Нацбанку кажуць, што калі банкноты наміналам 50 тысяч, 100 тысяч і 200 тысяч рублёў з абароту забралі практычна цалкам, а купюры вартасцю 5 тысяч, 10 тысяч і 20 тысяч рублёў — на 72%, то 2/3 дробных грошай (100, 500 і 1000 рублёў) яшчэ знаходзяцца на руках у грамадзян. Практыка паказвае, што ў касы цэнтральных банкаў вяртаецца толькі палова такіх купюр.

Спецыяльнае прыстасаванне здрабняе «старыя» грошы. Паўтоны купюр яно перапрацоўвае за дзве гадзіны працы. Атрымліваецца, што на перапрацоўку 600 тон спатрэбіцца 2400 гадзін, ці 100 дзён. Ужо знішчана 177,5 млн асобнікаў банкнот узору 2000 года, гэта больш за 58% ад колькасці грошай, якія паступілі ў Нацбанк.

Таксама на перапрацоўку давядзецца адправіць каля 23 тысяч касавых апаратаў, якія нельга перапраграмаваць на працу з капейкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0