Прадстаўнікі чатырох арганізацый — Руху «За Свабоду», Партый АГП, БНФ і БХД — падпісалі сёння заяўку на правядзенне шэсця на Дзень Волі.

Сярод заяўнікаў Аляксандр Русевіч (Рух «За Свабоду»), Дзяніс Садоўскі (БХД), Ягор Віняцкі (АГП), Зміцер Каспяровіч (БНФ).

Традыцыйна акцыя пройдзе 25 сакавіка, збор у 14.00—14.30, акцыя працягнецца да 15.30.

Арганізатары прапануюць Мінгарвыканкаму наступны маршрут: пляцоўка ля будынку Акадэміі навук (збор удзельнікаў) — шэсце па праспекце Незалежнасці — парк Янкі Купалы (завяршэнне акцыі). Мітынг не запланаваны.

Меркаваная колькасць удзельнікаў — 950 чалавек.

«Раней былі пытанні ад удзельнікаў акцыі, чаму арганізатары заклікаюць ісці на плошчу Бангалор. Гэтым разам мы вырашылі адхіліцца ад стандартнага маршруту і прапанавалі іншы варыянт — шэсце накіруецца ў цэнтр горада», — пракаментаваў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, арганізатары разлічваюць, што такі маршрут будзе задаволены ўладамі: раней падставай для адмовы быў мітынг, для якога дазволеная толькі пляцоўка на плошчы Бангалор.

«Шэсцем адзначэнне Дня Волі не абмяжуецца, пройдуць і іншыя мерапрыемствы. Зараз ідуць перамовы пра правядзенне 25 сакавіка святочнага канцэрту. Месца і склад выступоўцаў будуць агучаны напярэдадні мерапрыемства», — заключыў Губарэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?