Італьянскі суд прызнаў 15 чалавек — паліцыянтаў, турэмных чыноўнікаў і двух лекараў — вінаватымі ў жорсткім абыходжаньні з затрыманымі ўдзельнікаў акцый пратэсту ў Генуі ў 2001 г., дзе праходзіў саміт G‑8.

Па выніках працэсу, што цягнуўся больш чым тры гады, судзьдзя вызначыў асуджаным тэрміны пакараньня ад пяці месяцаў да пяці год. Разам з тым з 30 чалавек былі зьнятыя абвінавачаньні. Праўда, наўрад ці камусьці з асуджаных давядзецца сесьці ў турму, бо да сканчэньня працэсу апэляцыі скончыцца тэрмін даўніны па зьдзейсьненых імі правапарушэньнях.

Але італьянскім уладам прыйдзецца выплаціць мільёны эўра тым, хто быў затрыманы і пацярпеў ад жорсткіх дзеяньняў паліцыі.

У выніку вулічных сутыкненьняў паміж дэманстрантамі і паліцэйскімі ў Генуі ў 2001 г. адзін пратэстоўца загінуў, сотні чалавек атрымалі раненьні.

Паліцыю зьвінавацілі ў жорсткасьці пры правядзеньні апэрацый у школе, якую пратэстуючыя выкарыстоўвалі для пражываньня, а таксама ў паліцэйскіх кашарах, куды дастаўлялі арыштаваных. Сярод іх былі грамадзяне Італіі, Брытаніі, Польшчы і Ірляндыі.

Затрыманыя заяўлялі, што іх зьбівалі пасьля таго, як падверглі пільнаму асабістаму надгляду. Пракуроры сьцьвярджалі, што дзеяньні абвінавачаных трапілі пад вызначэньне «катаваньні».

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0