Нарвегія на наступным тыдні пачне адключаць FM-радыёвяшчанне, паведамляе ВВС.

«Закрыццё FM-радыё пачнецца з паўночнага горада Будэ 11 студзеня. Да канца года ў Нарвегіі спыняць працу ўсе FM-радыёстанцыі. Такім чынам гэтая краіна стане першай, дзе FM цалкам спыніць працу», — гаворыцца ў паведамленні.

На думку экспертаў, гэта дасць магчымасць укараніць лічбавую радыётрансляцыю, якая мае высокую дакладнасць прайгравання гуку і больш каналаў.

У той жа час крытыкі такога кроку нарвежскага ўрада кажуць, што ён дачасны. Апытанне мясцовай газеты Dagbladet сцвярджае, што 66% нарвежцаў супраць адключэння FM.

Найбольшай складанасцю для такога кроку з'яўляюцца аўтамабілі — паводле ацэнак, не менш за 2 млн аўтамабіляў у Нарвегіі не маюць лічбавых радыёпрыёмнікаў. Аўтамабілістам раяць набыць спецыяльныя адаптары, якія каштуюць каля 1500 нарвежскіх крон (170 даляраў).

Пераход на лічбавую радыётрансляцыю азначае, што крыніцай радыёвяшчання стануць не аналагавыя платформы, як AM і FM, а лічбавыя.

Для слухачоў гэта азначае, што ім спатрэбіцца спецыяльны прыёмнік, каб лавіць лічбавы сігнал. Акрамя таго, некаторыя радыёстанцыі вяшчаюць праз інтэрнэт.

Акрамя Нарвегіі, над такім пераходам таксама разважаюць Швейцарыя, Данія і Вялікабрытанія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?