Без цеплазабеспячэння і гарачай вады засталіся 1,4 тыс. жыхароў 35 шматкватэрных дамоў у Пухавіцкім раёне, адпаведная інфармацыя размешчаная на сайце Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.

Па стане на 6.00 7 студзеня без цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння з-за прарыву трубаправода цеплатрасы заставаліся жыхары 35 шматкватэрных жылых дамоў у пасёлку Праўдзінскі Пухавіцкага раёна.

Паведамленне пра прарыў трубаправода цеплатрасы дыяметрам 273 мм у пасёлку Праўдзінскі па вул. Цэнтральнай паступіла 6 студзеня ў 16.22. Без цяпла і гарачай вады заставаліся 45 шматкватэрных жылых дамоў, інтэрнат, сярэдняя школа і дзіцячы сад, бальніца. Для рамонтна-аднаўленчых работ прыцягнутыя 11 чалавек і 3 адзінкі тэхнікі.

У 00.30 7 студзеня работы па замене пашкоджанага ўчастка завершаныя, ажыццяўляецца пуск цепланосьбіта ў сістэму і павышэнне ціску ў сеткі. Па стане на 6.00 застаюцца без цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння 35 шматкватэрных жылых дамоў (1,4 тыс. чалавек). На месцы аварыі працуе КЧС раёна, падрыхтаваны месцы для часовага размяшчэння людзей, аўтатранспарт для дастаўкі, забеспячэнне харчаваннем.

Акрамя таго, без цеплазабеспячэння з-за прарыву трубаправода цеплатрасы застаецца адзін 10-кватэрны дом у вёсцы Пятроўшчына Маладзечанскага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?