07.01.2017 / 21:37

«Увайшоў у клуб і выпусціў 180 куль»: забойца, што ўчыніў тэракт у Стамбуле, аказаўся з Узбекістана

Кветкі каля начнога клуба, Reuters.com

Як паведамляе выданне Daily Sabah, паліцыя вылічыла, што страляніну ў начным клубе ў цэнтры Стамбула ў ноч на 1 студзеня зладзіў выхадзец з Узбекістана Абдулгадзір Машарыпаў па мянушцы Абу Мухамед Харасан, піша rbc.ru.

Паліцыя аднавіла ўсю карціну таго, што адбылося. Машарыпаў увайшоў у начны клуб, дзе святкавалі Новы год 800 чалавек, і выпусціў у яго наведвальнікаў 180 куль. Пасля гэтага ён пайшоў на кухню, дзе за 13 хвілін пераапрануўся і здолеў незаўважаным пакінуць будынак разам з панікуючымі людзьмі.

Далей тэрарыст злавіў таксі, даехаў да суседняга раёна, дзе выйшаў з машыны, заявіўшы кіроўцу, што ў яго няма грошай. Як высветліла паліцыя, 500 лір ён забыўся ў куртцы, якую пакінуў на кухні начнога клуба.

Як паказвае выданне Olay, менавіта дзякуючы таксісту і ўдалося высветліць асобу тэрарыста. Камера вонкавага назірання прасачыла шлях злачынца ад начнога клуба да машыны, а затым паліцыя знайшла кіроўцу таксі.

Вядома, што Машарыпаў прыехаў у Стамбул з Кон'і. Ён нарадзіўся ў 1988 годзе, ведае турэцкую, арабскую і рускую мовы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру