Як паведамлялі ў 2007 годзе сродкі масавай інфармацыі, у Менску па вуліцы Магілёўскай, на кватэры ў 21‑гадовага студэнта трэцяга курсу 31 мая ў 17‑35 адбыўся выбух, у выніку якога пацярпеў студэнт: шматлікія асколкавыя раненьні абодвух кісцяў, правай стапы, бядра, траўматычны шок і пераломы.

У прыватнасьці, са спасылкай на ГУУС Менгарвыканкама пра гэта паведамілі БелаПАН, сайт НН і некаторыя іншыя СМІ ( напрыклад bntu.info).

Выбух адбыўся у выніку праводжаных гаспадаром хімічных вопытаў. Супрацоўнікі міліцыі забралі персанальны кампутар, хімічнае абсталяваньне, сшытак з запісамі па вырабу петард. Праверку праводзіў Кастрычніцкі РУУС сталіцы.

Сёньня ёсьць некаторыя падставы меркаваць, што гэтым спецыялістам‑піратэхнікам з’яўляўся студэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі спецыяльнасьці інжынерна‑псіхалагічнае забеспячэньне інфармацыйных тэхналогій Аляксей Шэлег. Супраць яго ў 2007 годзе была ўзбуджаная крымінальная справа і ён быў асуджаны ўмоўна.

Як высветлілася, затрыманая па падазрэньні ў здзяйсненьні выбуху ў Менску 4 ліпеня гэтага года студэнтка БДУ Тацяна Пекун тады праходзіла па гэтай справе сведкам. Разам з ёй дапытвалі яшчэ аднаго студэнта, які наведваў «хімічны гурток». Ён таксама змешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня па падазрэньні ў дачыненьні да сёлетняга выбуху. Верагодна, што кола затрыманых большае.

Такім чынам, праваахоўныя органы, як адну з версій, разглядаюць магчымасць здзяйсненьня выбуху студэнтамі‑хімікамі з БДУ.

Вясна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0