9 студзеня сканчаецца збор сродкаў на расследаванні НН. Упершыню наш беларускамоўны партал збіраў грошы краўдфандынгам. За дзень да канца збору мы набралі больш, чым спадзяваліся: 157% ад пастаўленай мэты. Гэта адна з самых паспяховых краўдфандынгавых кампаній года ў Беларусі.

Нагадаем, што створана выява на падарункавыя вырабы для фундатараў НН праз Талаку.

Ідэя належыць фатографу і крыэйтару Сяргею Гудзіліну.

На ёй — барана, з яе непаўторнай графікай. Гэта выключна мірная прылада, ёю варушаць перавораную ніву, каб рунь лягчэй магла прабіцца на свет. Пастаўленая на рабро, вертыкальна, барана ператвараецца ў нечаканую метафару стойкасці і гатоўнасці. У гэтым сімвале няма агрэсіі, але ёсць цвёрдасць. Яе падкрэслівае і чырвоны надпіс «Барані сваё», гульня слоў ад «Барануй».

Акрамя таго, пад лога даўняй газеты размешчаны радкі з верша аднаго з былых рэдактараў «Нашай Нівы» Янкі Купалы, надрукаваныя ўпершыню ў НН у 1913 годзе: «Не шукай ты шчасця, долі На чужым, далёкім полі».

Графічную апрацоўку ідэі ажыццявіў дызайнер СтК.

Выяву мы змесцім на худзі, кубках і нататніках.

Каму недаспадобы гэтая выява, мы прапануем як альтэрнатыву іншую: у форме сэрца, з надпісамі: «мая, твая, кожная, іх, ваша…» і г.д. іншымі роднымі займеннікамі.

Калі ласка, вазьміце ўдзел у зборы сродкаў на незалежны, беларускамоўны партал і раскажыце пра гэта сваім сябрам. Інфармацыю, як далучыцца, вы знойдзеце пад выявамі.

Дзякуем усім, хто ўжо далучыўся, і тым, хто яшчэ далучыцца. Дарэчы, з заклікам падтрымаць «Нашу Ніву» выступілі ў тым ліку Віталь Гуркоў і Алена Анісім. Мы ганарымся нашай грамадзянскай супольнасцю.

Важны этап

Краўдфандынгавы збор грошай — важны этап у гісторыі «Нашай Нівы». Мы заклікаем фундаваць нашы грамадска значныя расследаванні.

Нашыя чытачы і раней дапамагалі нам, але цяпер, дзякуючы зручнай пляцоўцы «Талакі» збор грошай стаў яшчэ лягчэйшым.

Што такое NN.by?

Гэта найбуйнейшая ў свеце беларускамоўная пляцоўка, якую штодня наведваюць з 40 тысяч камп’ютараў і тэлефонаў — больш, чым насельніцтва Навагрудка ці Глыбокае з Паставамі разам узятае.

Для развіцця беларускай мовы жыццёва неабходна захаваць такую прастору.

«Наша Ніва» адлюстроўвае інтарэсы беларускага грамадства, а не дзяржавы, сваёй ці чужой.

Нашы расследаванні

Расследаванні «Нашай Нівы» год за годам перамагаюць у беларускіх і міжнародных журналісцкіх конкурсах.

Згадайма некаторыя з іх толькі за апошні час.

Грунтоўнае даследаванне «Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію» прывяло ў шал беларусафобаў усіх масцей і калібраў.

«Наша Ніва» пісала пра трэніровачныя лагеры расійскіх неанацыстаў, куды спрабавалі зацягнуць беларускіх школьнікаў, разабралася са светапоглядам «бацюшкі са свастыкай».

Мы працягваем адсочваць маёмасць чыноўнікаў — нядаўна вылічылі Наталлю Качанаву.

Са сваімі праблемамі ў «Нашу Ніву» звяртаюцца людзі з усіх канцоў Беларусі. Сёлета, напрыклад, журналісты разбіраліся з феадалізмам у Касцюковіцкім раёне.

Чыноўнікі вымушаныя рэагаваць на расследаванні «Нашай Нівы».

Талака тады і цяпер

Нашы продкі будаваліся талакой, старажытным спосабам узаемадапамогі. Цяпер, з прыходам найноўшых тэхналогій, удзельнічаць у талацэ стала нашмат прасцей. Дастаткова мець грошы на картцы.

Неабыякавыя беларусы з ахвотай дапамагаюць грамадска важным праектам. Сродкі на паездку Віталя Гуркова на чэмпіянат свету сабралі за лічаныя дні! Талакой выдавалі па-беларуску «Хронікі Нарніі», перакладалі «Свінку Пэпу».

Як паўдзельнічаць у зборы сродкаў?

Вельмі проста. Адкрыйце на «Талацэ» нашу старонку. Унізе можна выбраць суму дапамогі — ад 10 да 1000 рублёў. Ад гэтага залежыць, якую ўзнагароду вы атрымаеце: кубак з афарызмам, ці байку з афарызмам, ці фотапрацу Гудзіліна. Мы гатовыя нават пасадзіць бульбу на вашым агародзе:).

Абярыце патрэбны варыянт (чым больш, тым лепш!) і націсніце на яго. Пасля трэба будзе зарэгістравацца на сайце — пры жаданні дастаткова аўтарызавацца праз фэйсбук ці Укантакце — і ўвесці дадзеныя сваёй банкаўскай карткі. Калі вы хочаце зрабіць унёсак ананімна, не забудзьцеся паставіць адпаведную птушку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0