Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што рашэнне ўладаў Швейцарыі адпраўляць дзяўчынак-мусульманак на ўрокі плавання разам з хлопчыкамі не парушае рэлігійныя правы школьніц, паведамляе ВВС.

Разгледзеўшы скаргу, суд палічыў, што ўлады краіны маюць поўнае права патрабаваць няўхільнага выканання школьнай праграмы дзеля паспяховай інтэграцыі дзяцей у швейцарскае грамадства.

ЕСПЧ пастанавіў, што хоць такія патрабаванні і можна расцаніць як пэўнае ўмяшанне ў свабоду веравызнання, але ўсё ж яны не ўтвараюць якога-небудзь сур'ёзнага парушэння гэтай свабоды.

У рашэнні суда гаворыцца, што швейцарскія ўлады дзейнічалі ў рамках закона, накіраванага на абарону вучняў замежнага паходжання ад грамадскай ізаляцыі.

Скарга была пададзеная ў суд двума грамадзянамі Швейцарыі турэцкага паходжання, якія адмовіліся пасылаць дачок на абавязковыя школьныя ўрокі плавання, на якіх займаюцца і хлопчыкі.

Улады Швейцарыі заявілі, што ад такіх урокаў плавання сапраўды можна адмовіцца па рэлігійных меркаваннях, але толькі ў выпадку, калі дзяўчаты ўжо дасягнулі ўзросту палавога паспявання, чаго ў гэтым выпадку не было.

У выніку ў 2010 годзе бацькоў, якія адмовіліся адпраўляць дачок на такія ўрокі, аштрафавалі прыкладна на 1,3 тысячы еўра за парушэнне бацькоўскіх абавязкаў. Пасля гэтага бацькі і звярнуліся ў ЕСПЧ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?