На сайце EurAsia Daily з’явіўся аналітычны артыкул дырэктара цэнтра па працы з выпускнікамі Вышэйшай школы эканомікі (Масква) Дзмітрыя Балкунца «Як дзейнасць кіраўніка МЗС Беларусі ўплывае на адносіны Мінска і Масквы».

Можна сказаць, што ў расійскай прэсе працягваецца серыя ачарняльных матэрыялаў у дачыненні да Уладзіміра Макея. Яшчэ летам шэф-рэдактар «Рэгнума» Юрый Баранчык пісаў, што Макей рыхтуе Майдан на вуліцы Зыбіцкай.

Балкунец у сваіх меркаваннях пайшоў следам за старэйшым таварышам Баранчыкам. «Ёсць падставы меркаваць, што пры ўдзеле Макея вядзецца планамерная работа па неканстытуцыйнай змене ўлады ў рэспубліцы па ўкраінскім сцэнары», — лічыць эксперт. На чым грунтуецца такая выснова? Усё вельмі проста: Макей — міністр замежных справаў, а Парашэнка займаў такую самую пасаду ва Украіне.

«Дзеянні Уладзіміра Макея не толькі наносяць шкоду расійска-беларускім адносінам, але і ўводзяць у зман еўрапейскіх партнёраў Беларусі. Рэспубліка выстаўляецца ў ролі жабрака і пасмешышча, а яе знешняя палітыка носіць дэструктыўны характар», — рубіць Балкунец.

Вялікае абурэнне маскоўскага палітолага выклікае той факт, што цяпер вядуцца перамовы пра ўзнаўленні працы пасольства ЗША ў Мінску. Як бачым, кагосьці прынамсі ў Маскве вельмі нервуюць гэтыя перамовы.

Дзмітрый Балкунец заяўляе, што толькі за снежань Макей быў у эпіцэнтры трох скандалаў. Першы з іх — арышт прарасійскіх публіцыстаў за распальванне міжнацыянальнай варажнечы, што пісалі пад псеўданімамі на расійскіх імперскіх сайтах.

«Пры гэтым беларускія ўлады не звяртаюць увагі на адкрытыя русафобскія публікацыі ў дзяржаўных і незалежных СМІ», — як элегантна аўтар паставіў у адзін шэраг усе беларускія СМІ. Каравул! Русафобія на ўсіх узроўнях.

Два іншыя скандалы — гэта нота пратэсту расійскаму боку ў сувязі з заявай Леаніда Рашэтнікава адносна беларускай мовы і дзяржаўнасці, а таксама наведванне Макеем «лініі акупацыі» ў Грузіі.

«Уладзімір Макей на сустрэчах з еўрапейскімі і амерыканскімі дыпламатамі замоўчвае аб грамадзянах Беларусі, якія дзякуючы, у тым ліку, і яго намаганням, пазбаўленыя магчымасці наведваць рэспубліку. Візіты ў краіну для іх вельмі небяспечныя, інакш можна пасяліцца ў «амерыканцы» (турма КДБ) або атрымаць «ўкол парасонам», — відаць, Балкунец мае на ўвазе сябе і Юрыя Баранчыка.

«Мінск мае патрэбу ў нармалізацыі адносін з краінамі ЕС і ЗША, але не цаной здрады нацыянальных інтарэсаў рэспублікі і разбурэння расійска-беларускіх адносін», — турбуецца аналітык.

Дзмітрый Балкунец (справа) на парадзе 9 Мая ў Маскве. Фота з facebook.com.

Дзмітрый Балкунец (справа) на парадзе 9 Мая ў Маскве. Фота з facebook.com.

Дзмітрый Балкунец паходзіць з Слоніма, яму 33 гады. У Беларусі вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі. Потым скончыў магістратуру ЕГУ (Літва). У 2013 скончыў аспірантуру пры Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве. У ВШЭ працуе Андрэй Суздальцаў, грамадзянін Расіі, якога некалі дэпартавалі з Беларусі.

Намаганнямі Балкунца і Суздальцава ў ВШЭ рэгулярна праводзяць сустрэчы і канферэнцыі на тэму Беларусі. Яго наведваюць як апазіцыйныя палітыкі, накшталт Таццяны Караткевіч і Вольгі Карач, гэтак і заходнерусісты кшталту Льва Крыштаповіча і Юрыя Баранчыка.

Артыкул Балкунца сведчыць аб адарванасці аналітыка ад беларускіх рэалій, няведання ўнутранага жыцця краіны і чынавенства. А можа разглядацца як сігнал, што Масква патрабуе адстаўкі Уладзіміра Макея. Як бы тое не было, але механізм дыскрэдытацыі міністра замежных справаў, запушчаны яшчэ летась, працягвае набіраць абароты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?