Віктар Лукашэнка з жонкай.
Фота nv-online.info

Яны азначаюць умацаваньне сяброў Віктара Лукашэнкі і аслабленьне Рады бясьпекі. Сярод новых прызначэнцаў няма ніводнага сапраўды новага твару. Усе трое зьвязаныя з КГБ.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведаміла пра новыя высокія прызначэньні ў лукашэнкаўскай адміністрацыі. Яны ўзмацняюць пазыцыі групоўкі асобаў, дружнай зь Віктарам Лукашэнкам, сынам прэзыдэнта.

Адміністрацыю прэзыдэнта ўзначаліў Уладзімер Макей. Доўгі час, ад 2000 году, ён працаваў памочнікам прэзыдэнта. Да таго ён пэўны час працаваў у МЗС и выконваў функцыі прадстаўніка Беларусі пры Радзе Эўропы. А па прафэсіі ён - разьведчык.

Лічыцца, што менавіта ён будзе выконваць функцыі заходняй вітрыны Адміністрацыі.

Віктара Шэймана на пасадзе дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі зьмяніў шэф КГБ, а да таго начальнік Службы аховы прэзыдэнта Юры Жадобін. Ён вядомы як верны служака. На пасадзе шэфа спэцслужбы ён праславіўся любоўю да моцных расейскіх выразаў, а таксама публічных прызнаньнем існаваньня чорных сьпісаў палітычных праціўнікаў існай улады.

КДБ пры Жадобіну актывізаваў вэрбоўку грамадзянаў, што прывяло да шэрагу скандалаў і росту нэрвознасьці ў грамадзтве. Але значэньне Камітэту між сілавымі ведамствамі панізілася, што дазваляе выказаць меркаваньне, што і роля Рады бясьпекі з прыходам такога начальніка аслабне.

І трэцяга прызначэнца таксама адносяць да людзей Віктара Лукашэнкі. Новым кіраўніком КГБ стаў генэрал-маёр Вадзім Зайцаў, які быў першым намесьнікам старшыні Памежнага камітэту.

Аляксандар Лукашэнка хоча дасягнуць большай эфэктыўнасьці працы апарату, захоўваючы на ключавых пасадах тых самых выхадцаў зь сілавых структураў. Ці можна назваць новым Макея, калі ён восем гадоў правёў на пасадзе памочніка прэзыдэнта? Прыйшоў на яе адразу пасьля зьнікненьняў Ганчара і Захаранкі і выконваў яе ў часе рэфэрэндуму 2004 году.

Жадобін - аднагодак Лукашэнкі, народжаны ў 1954 годзе. Макей нарадзіўся ў 1958-м, Зайцаў - у 1964-м.

З трох толькі палкоўнік Макей нарадзіўся ў Беларусі. Ён жа адзіны, хто вучыўся ў Беларусі (Інстытут замежных моваў у 1980-м). Дарэчы, у 1992-93 гадах ён стажаваўся ў Акадэміі дыпляматычнай службы Аўстрыі. А паміж тым, у 1980-1992 гадах, як сьціпла паведамляе афіцыйная біяграма, гэты выпускнік ін'язу "находился на службе в Вооруженных Силах СССР".

Жадобін - танкіст, які прыйшоў у ахову прэзыдэнта з грамадзянскай абароны.

Зайцаў у 1986 годзе скончыў Акадэмію КГБ СССР, а ўжо ў 1990-2000-я гады адвучыўся ў Акадэміі фэдэральнай пагранслужбы Расеі (1997) і Вайсковай акадэміі Генштабу Расеі (2004). У іншых краінах Цэнтральнай Эўропы асобы з такім паслужным сьпісам ня мелі ня толькі што шанцаў, але найчасьцей і права ўзначальваць сілавыя структуры. Надта ж моцна яны павязаны з суседняй дзяржавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?