Пакуль Цэнтрвыбаркам падлічваў колькасць апазіцянераў, якія ўвайшлі ў склад акруговых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, падаткавікі пачалі лічыць прыбыткі лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Аднаго за адным апазіцыйных палітыкаў выклікаюць у падатковыя інспекцыі па месцу жыхарства. Прычым, паходжаннем сродкаў для існавання некаторых дзеячоў апазіцый чамусці зацікавіліся нават ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Пасля трох месяцаў пасля завяршэння кампаніі па дэкляраванні прыбыткаў і маёмасці ў падатковых інспекцыях зноў стала цесна. Дзесяткамі да падаткавікоў па позвах прыходзяць прадстаўнікі апазіцыі. Так чыноўнікі адрэагавалі на нядаўнюю заяву Лукашэнкі — праверыць прыбыткі ўсіх «прафесійных апазіцыянераў» за апошнія некалькі гадоў.

Сярод тых, хто выкліканы ў інспекцыю — лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, праваабаронцы Алег Гулак, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, палітыкі Аляксандр Дабравольскі, Людміла Гразнова, Валер Ухналёў, Аляксандр Бухвостаў, Алена Яськова ды шмат іншых вядомых грамадскіх дзеячоў.

Паводле Анатоля Лябедзькі, яму да такой увагі да сваёй персоны з боку ўладаў не прызвычайвацца:

‑ Мяне і так кожны год застаўлялі гэта рабіць. Застаўлялі рабіць супрацоўнікі КДБ праз падатковую інспекцыю. Альбо я гэта рабіў як кандыдат ў дэпутаты падчас парламенцкіх выбараў і падчас апошніх мясцовых выбараў. Так што тут, можа быць улады разлічваюць аказаць на нас нейкае псіхалагічнае ўздзеянне?

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін кажа, што яму кожны год прыходзіцца праходзіць тое ж самае, што і спадару Лябедзьку. І з пункту гледжання выяўлення падатковых правапарушэнняў у апазіцыйным асяродзі дзеянні ўладаў бессэнсоўныя. Таму ставіцца палітык да іх вельмі спакойна :

‑ Ды яны пра нас і так ўсё ведаюць. Нават колькі разоў сэрца б’ецца ноччу, калі спішь. Таму тое, што яны зараз робяць, — гэта імітацыя бурнай дзейнасці. Калі б у іх было за што зачапіцца, то, я думаю, ужо б даўно ўсё па тэлебачанні паказалі. Ды яшчэ і прыпісалі б нешта нам.

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што пакуль падаткавікі ціснуць не на яга, а на сына Франака. Магчыма, таму і каментар палітыка быў больш жорсткім:

‑ Я думаю, што гэта складовая частка стварэння нэрвовай атмасферы, у якой вельмі цяжка весці сістэмную паслядоўную палітычную працу. Гэта спосаб запалохаць, ці, прынамсі, нерваваць лідэраў АДС. І ўвогуле — гэта помста за нашую актыўную пазіцыю.

Бліжэйшым часам спадар Вячорка чакае і сваю позву з прапановай наведаць Дэпартмент фінансавых раследванняў Камітэту дзяржкантролю.

Палітыкі кажуць, што замест таго, каб шукаць у апазіцыянераў не існуючыя мільёны, лепш бы ўлады стварылі роўныя ўмовы для правядзення выбарчай кампаніі. Анатоль Лябедзька нават прапанаваў арыгіальны спосаб, як гэта можна было б арганізаваць:

‑ Вось учора мяне збілі. Сёння выклікаюць у фінансавую міліцыю. І гэта ўсё на фоне заяў Аляксандра Лукашэнкі, што мы ўсе ў роўных умовах. Дык тады вы, калі ласка, адлупцуйце аднаго чалавека са «спісу Аляксандра Лукашэнкі». Пасадзіце на два дні ў камеру аднаго з актывістаў ці лідэраў БРСМ. Тады мы скажам: Так, кампанія пачалася. І ўсе ў роўных умовах, нягледзячы на тое, любіць хтосьці гэтую ўладу ці не.

Цікава, ці пагадзіўся б хоць адзін чалавек, якія будзе вылучацца ў палату прадстаўнікоў ад «спісу ўладаў» на прапанову спадара Лябедзькі?

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0