Колькасць суіскальнікаў статусу бежанца ў Германіі знізілася ў мінулым годзе практычна ўтрая, піша ВВС. Як паведаміў міністр унутраных спраў краіны Томас дэ Мезьер, у 2016 годзе па гэты статус звярнуліся 280 тысяч чалавек супраць 890 тысяч годам раней.

Дэ Мезьер патлумачыў зніжэнне прытоку бежанцаў угодай паміж ЕС і Турцыяй, а таксама перакрыццем папулярнага ў бежанцаў шляху да Германіі праз Балканы: з-за міграцыйнага крызісу многія дзяржавы на паўвостраве закрылі свае межы.

Агенцтва Асашыэйтэд Прэс дадае, што многія людзі, якія прыбылі ў краіну ў 2015 годзе, падалі заяву на атрыманне статусу бежанца толькі ў 2016 годзе. Гэта значыць, колькасць людзей, якія рэальна заехалі ў Германію летась, можа быць яшчэ ніжэйшай.

Таксама ўжо стала вядома, што 55 тысяч мігрантаў у 2016 годзе пакінулі Германію і вярнуліся на радзіму. Паводле дадзеных нямецкіх СМІ, у асноўным пакінулі краіну выхадцы з Заходніх Балкан, у якіх не было шанцу атрымаць статус бежанца ў Германіі.

Збольшага рост колькасці ахвотных пакінуць Германію звязаны з тым, што ўрад у выпадку добраахвотнага ад'езду выплачвае сем'ям мігрантаў кампенсацыі, уключаючы транспартныя выдаткі.

У пачатку снежня ўрад Германіі прадставіў праграму вяртання мігрантаў на радзіму. За тры гады на дапамогу ім улады Германіі збіраюцца выдаткаваць 150 млн еўра. Пры гэтым улады краіны пасля наплыву мігрантаў зрабілі больш жорсткімі правілы атрымання статусу бежанца і кантроль на межах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?