Трое абвінавачаных знаходзяцца пад вартай са студзеня 2016 года. Гэта 39-гадовы Дзмітрый Саніковіч, 33-гадовы Артур Зіновіч, і 30-гадовы Андрэй Мазанік. Усе яны маюць за плячыма судзімасці: Саніковіч — адну, якая ўжо пагашаная, Мазанік — дзве, а Зіновіч — ажно сем.

Злева направа: Артур Зіновіч, Дзмітрый Саніковіч, Андрэй Мазанік

Злева направа: Артур Зіновіч, Дзмітрый Саніковіч, Андрэй Мазанік

Чацвёрты фігурант справы, 43-гадовы Яўген Козыр, на волі. Ён правёў у СІЗА толькі 6 месяцаў. Козыр сёння нідзе не працуе, але раней у чыне старшага лейтэнаната ўзначальваў мясцовы аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Дзмітрыя Саніковіча абвінавачваюць у прымусе да выканання абавязацельстваў, выкраданні чалавека, вымаганні, махлярстве, падбухторванні да дачы хабару; Андрэя Мазаніка — у прымусе да выканання абавязацельстваў і выкраданні чалавека; Артура Зіновіча — у прымусе да выканання абавязацельстваў, выкраданні чалавека і вымагальніцтве.

А экс-міліцыянта Козыра вінавацяць у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў і злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Таксама Саніковіч праходзіць па гэтых артыкулах як памагаты.

Пацярпелымі па справе праходзяць пяцёра мясцовых жыхароў. З іх вымагальнікі «стрыглі» грошы. Але нарэшце, некаторыя не вытрымалі і пайшлі ў міліцыю. Прычым, самі пацярпелыя сцвярджаюць: ад дзеянняў абвінавачаных пакутавала шмат народу, проста іншыя спужаліся даваць паказанні.

Па версіі следства падзеі развіваліся наступным чынам. У 2013 годзе Дзмітрый Саніковіч — ён да затрымання афіцыйна працаваў укладчыкам-упакоўшчыкам — прапанаваў знаёмаму Уладзіміру Луду супрацу. Луд валодаў будаўнічай фірмай «МеКоСтрой». Саніковіч прапанаваў перааформіць фірму ў таварыства з абмежаванай адказнасцю. Планавалася, што ён укладзе свае грошы, стане адным з заснавальнікаў і будзе атрымліваць 50% прыбытку. Луд пагадзіўся, але ўжо праз тры месяцы Саніковіч вырашыў выйсці з бізнэсу і стаў патрабаваць партнёра, каб той вярнуў яму грошы.

Прычым, па словах пацярпелага Луда, Саніковіч уклаў 8 тысяч даляраў, а забраць хацеў 22 тысячы — нібыта 12 былі ім укладзены, а 10 тысяч — ці то яго заробак, ці то працэнты.

Луд не пагадзіўся з такой прапановай — 8 тысяч ён быў гатовы вярнуць, але не больш. Пачаліся пагрозы. Луд сцвярджае, што Саніковіч пагражаў яму забойствам і цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.

Праз некалькі месяцаў, так і не атрымаўшы грошай, Саніковіч дамовіўся з Артурам Зіновічам і Андрэем Мазанікам, каб яны напалохалі даўжніка. Тыя закінулі Луда ў мікрааўтобус, вывезлі на могілкі ля вёсцы Зарэчча і прымусілі капаць сабе магілу.

«Ты будзеш зараз пахаваны ў гэтай магіле, побач з гэтым невядомым чалавекам», — па словах пацярпелага сказаў яму Зіновіч, паказваючы на свежую магілу нездалёк.

Уладзімір Луд паабяцаў, што аддасць частку грошай. Яго адвезлі ў горад да Саніковіча, які адпачываў у мясцовым бары «Тэхас». Луд пазычыў 3 тысячы даляраў у цешчы і аддаў іх свайму былому бізнэс-партнёру.

Але Саніковіч працягваў патрабаваць рэшту і пагражаць Луду.

У снежні таго ж года Яўгені Козыр, тады яшчэ начальнік АБЭЗ, разам з падначаленым затрымаў Луда, адвёз у мясцовы РАУС. Па словах пацярпелага, яго палохалі крымінальнай справай і турэмным тэрмінам, калі ён не разлічыцца з Саніковічам. Апошні нават забіраў у Луда ключ ад электроннага подпісу, які патрэбны, каб распараджацца грашыма на рахунку фірмы, і на некалькі дзён перадаваў той ключ на захоўванне Козыру.

У снежні Уладзімір Луд перадаў Саніковічу яшчэ 8 тысяч даляраў, якія яму пазычыў цесць. Перад перадачай грошай сустрэліся з Козырам.

«Цесць спытаў — калі 8 тысяч зараз аддамо, пераслед спыніцца? Козыр паабяцаў, што так», — распавёў Луд.

Але ж падчас перадачы грошай Саніковіч прымусіў Луда напісаць распіску, што ён вінен яшчэ 10 тысяч даляраў, запэўніў пацярпелы. Інакш Саніковіч пагражаў, што Козыр распачне крымінальную справу. Рэшту грошай Луд абяцаў аддаць цягам 2014 года. Але зноў пачаліся пагрозы і за тры этапы бізнэсовец усё ж разлічыўся.

Акрамя таго, Саніковіч працаваў на ААТ «Тратуар», з уласнікаў якога таксама «зняў» грошы. Падчас праверкі Дзяржстандартам, Саніковіч паведаміў мужу і жонцы Балашовым, якія кіравалі прадпрыемствам, што ў яго ёсць знаёмыя сярод правяральнікаў. Ён пераканаў, што трэба перадаць хабар, каб праверка прайшла нармальна, і ўзяў з уладароў «Тратуару» 2 тысячы даляраў, якія паклаў у сваю кішэню. А пасля яны перадалі яму яшчэ і смартфон, які нібыта павінен быў быць падзякай жанчыне, праз якую Саніковіч той хабар нібыта перадаў. Тэлефон таксама застаўся ў Саніковіча.

Зноў у 2014 Саніковічу заплаціў і яшчэ адзін бізнэсовец, знаёмы Уладзіміра Луда. Дзмітрый Тарасенка, уласнік будаўнічай фірмы «Бэта-Білд», заплаціў 1,5 тысячы даляраў Саніковічу.

«Ён патрабаваў грошы, пагражаў ногі пераламаць. Я яму стаў вінен, бо ён нібыта «падагнаў» мне аб’ект», - распавёў Тарасенка.

Разам з тым 1,5 тысячы Саніковіч стрэс і з Луда. Той кажа прычыны фактычна не было, але аддаў, бо ўсё яшчэ баяўся:

«Гэта быў моцны псіхалагічны ціск увесь час. Страшна было не тое, што звярнуцца кудысьці, а проста хадзіць па вуліцы».

Але ж у міліцыю ніхто так і не звярнуўся.

У 2015 годзе Дзмітрый Саніковіч вырашыў падзарабіць на яшчэ адным мясцовым бізнэсмене - Стахееву. З яго патрабавалі грошы, бо ён нібыта «адабраў аб’ект» у людзей Саніковіча. Такім чынам бізнэсовец раптам стаў вінен Саніковічу 70 мільёнаў «старымі». Плюс яшчэ 400 даляраў, якія Стахееў быў вінен іншым людзям, дапамагаў выбіваць з яго таксама Саніковіч.

У выніку, не дачакаўшыся грошай, Саніковіч «перадаў справы» Артуру Зіновічу. Той сустрэў Стахеева і збіў яго бітай.

«Я Артура даўно ведаю. Ён калі цвярозы, то з ім хоць у дзёсны цалуйся. А як вып’е, то можа здарыцца ўсё, што заўгодна», - сказаў Стафееў.

Ён узгадаў, як праз некалькі месяцаў пасля здарэння з бітай Зіновіч нападпітку выпадкова сустрэў яго ў рэстаране — і звычайным сталовым нажом без дай прычыны прабіў яму руку.

Але ж ізноў — у міліцыю так ніхто і не ішоў. Справа пачалася толькі ў 2015 годзе, калі Саніковіч вярнуўся да сваёй старой ахвяры — Уладзіміра Луда.

«Ён узгадаў тую распіску, пра 10 тысяч даляраў, па якой я даўно разлічыўся, - распавёў Луд. — Але Саніковіч заявіў, што грошай не бачыў, і я ізноў вінен яму 10 тысяч».

І толькі тады Луд і Тарасенка пайшлі пісаць заяву на Дзмітрыя Саніковіча.

На судзе ніхто з абвінавачаных віну не прызнаў.

Саніковіч заявіў, што ўсё агавор і ўсё няпраўда.

«А вы рабілі тое, пра што кажуць?» — пацікавіўся суддзя Сяргей Васілеўскі ў Яўгенія Козыра.

«У межах закона, — адказаў той. — Увогуле, маю справу сфальсіфікавалі супрацоўнікі ГУБАЗ».

А Артур Зіновіч спачатку заявіў, што некаторыя яго дзеянні павінны кваліфікавацца па іншых артыкулах («не было там аніякай папярэдняй змовы!»), а пасля адмовіўся прызнаваць віну.

Увогуле Зіновіч спачатку расчуліўся — калі сваякі перад пасяджэннем пачалі пытацца ці не холадна яму, на вочы мужчыны ледзь не навярнуліся слёзы.

Але далей ён трымаўся бадзёра, нават гумарыў. Напрыклад, пачуўшы ад журналістаў беларускую мову, заявіў: «Жыве Беларусь! Ну а што, спяваць дык спяваць. Па дзясятцы наваляць ды і ўсё».

А пасля крыкнуў: «Прэса, вы за каго? Будзьце за нас!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?