Аб гэтым заявіў БелаПАН часовы выканаўца пасады начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін Шалькевіч.

Ён абверг распаўсюджанае шэрагам інтэрнет‑рэсурсаў паведамленне аб тым, што па гэтай справе затрымана больш за 70 чалавек.

«Я не буду называць дакладную колькасць затрыманых, каб не ўносіць смуту, але лічба 70 чалавек моцна перабольшана», — сказаў К.Шалькевіч.

Цяпер, паводле яго слоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць пакватэрныя апытанні жыхароў Мінска.

«Правядзенне апытанняў насельніцтва гэта нармальная і ўстаноўленая практыка пры расследаванні любой крымінальнай справы, — зазначыў К.Шалькевіч. — Улічваючы грамадскі рэзананс і значнасць учыненага злачынства, рамкі гэтай стандартнай акцыі па апытанні насельніцтва значна пашыраны: мы апытаем максімальную колькасць жыхароў сталіцы, якіх зможам апытаць».

Нагадаем, выбух самаробнай прылады, начыненай балтамі і гайкамі, адбыўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў 4 ліпеня каля 00.30 падчас святочнага канцэрта з нагоды Дня незалежнасці Беларусі. На канцэрце, паводле афіцыйных звестак, прысутнічалі каля паўмільёна чалавек. Па медыцынскую дапамогу, паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, звярнуліся 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваны. Па факце выбуху заведзена справа па артыкуле 339 частка 3 Крымінальнага кодэкса (злостнае хуліганства).

Праваахоўныя органы не каментуюць інфармацыю аб колькасці затрыманых у рамках гэтай крымінальнай справы. Паводле апошніх звестак праваабаронцаў, па падазрэнні ў дачыненні да выбуху затрымана восем чалавек. У іх ліку былыя ўдзельнікі ліквідаванага грамадскага аб’яднання «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяргей Чыслаў, Ілья Богдан, актывіст Партыі БНФ Антон Койпіш, а таксама студэнты сталічных ВНУ Таццяна Пекун і Алег Шэлег.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?