Суд Партызанскага раёна Мінска адмовіў у задавальненні іску фігурантам «справы графіцістаў» аб абароне гонару і годнасці. Яны аспрэчвалі інфармацыю на сайце Следчага камітэта і патрабавалі абвяржэння.

У заяве СК было адзначана, што пры затрыманні зламыснікаў у іх быў канфіскаваны траўматычны пісталет. Акрамя таго, фігурантаў да вынясення прысуду называлі хуліганамі. Сцвярджалася, што яны распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, якія ўтрымліваюць нацысцкую сімволіку. Гэтыя факты, на думку істцоў, не пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальнай справы ў дачыненні да Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Максіміліяна Пякарскага.

На папярэднім пасяджэнні прадстаўнікі СК заяўлялі, што навіна на сайце не адносіцца да канкрэтнай крымінальнай справы. 13 студзеня яны паведамілі, што інфармацыя падавалася зыходзячы з акалічнасцяў крымінальнай справы, але, паколькі персанальных дадзеных у тэксце няма, ідэнтыфікаваць фігурантаў немагчыма. Таму ў СК лічаць, што закон не парушалі, гонар і годнасць істцоў закранутыя не былі.

Адвакаты «графіцістаў» звярнулі ўвагу, што СМІ выкарыстоўвалі навіну СК, дапоўніўшы тэкст прозвішчамі фігурантаў. Аднак суддзя Андрэй Кочык адмовіўся прыняць да разгляду раздрукоўкі артыкулаў у прэсе.

«Жаромскі, як і іншыя істцы, не патрабуюць кампенсацыі маральнай шкоды, — заявіла адвакат Таццяна Лішанкова. — Яму не патрэбныя грошы і прабачэнні. Яму трэба, каб СК прызнаў сваю памылку і ў далейшым не падаваў інфармацыю ў такім кантэксце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?