На сёння вядома, што сябрамі акруговых камісій ад дэмакратычных сілаў стала 30 чалавек. Гэта крыху больш за 2% ад усіх месцаў у акруговых камісіях краіны.

Пра вынікі фарміравання акруговых выбарчых камісій на маючых адбыцца ўвосень выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прэсавай службе Руху «За Свабоду» распавядае намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду», каардынатар кампаніі АДС «За Свабодныя выбары» Віктар Карнеенка.

— Колькі чалавек ад дэмакратычных сілаў уключана ў камісіі? Многа гэта ці мала?

— На сёння ў склад камісій трапілі 30 прэтэндэнтаў ад спісу 110, складзенага АДС. (Пакуль няма поўных дадзеных па Мінску і Мінскай вобласці.) Гэта каля 2% ад усіх сябраў акруговых камісій. Мы вылучалі мінімальныя патрабаванні, калі прэтэндавалі толькі на 10% месцаў у кожнай акрузе. На маю думку, нават 109 месцаў для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў было б замала. У кожнай камісіі павінен быць хоць 1 чалавек ад апазіцыі. 30 чалавек, якія прайшлі, гэта вельмі мала.

— Намеснік страшыні ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што партыі прадстаўлены досыць «важка» і шмат якія палітычныя сілы не парупіліся пра тое, каб быць прапанаваць свае кандыдатуры ў камісіі.

— Каб не было гэтай дэмагогіі мы і стварылі адзіны спіс 110 чалавек. Спадар Лазавік павінен выконваць свае абавязкі. Калі ўзгадаць патрабаванні Лукашэнка аб уключэнні прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі, можна зрабіць выснову, што кіраўнік краіны альбо не кантралюе сітуацыю, альбо кажа няпраўду.

— Каго ўключылі ў склад камісій?

— Я магу сказаць, хто не патрапіў у камісіі. Гэта былы мэр Гомеля Святлана Гальдадэ, мясцовая дэпутатка Валянціна Кудлацкая з Верхнядзвінску, былы мэр Барані Юры Нагорны. Пакуль няма інфармацыі пра тое, ці сталі сябрамі камісій былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, былы міністр абароны Павал Казлоўскі, былы міністр працы Аляксандр Сасноўскі…

Мы выкарыстоўвалі ўсе дазволеныя законам магчымасці для вылучэння ў камісіі. Вылучалі кандыдатаў праз палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, шляхам збору подпісаў грамадзян. Пры прыняцці рашэння ўключаць ці не ўключаць людзей у склад камісій улады хутчэй за ўсё арыентаваліся на асобы.

— Ці можна казаць пра нейкую тэндэнцыю?

— Тэндэнцыя такая, што ўключаны альбо тыя, хто працуе на дзяржслужбе, альбо тыя, хто нейкім чынам моцна залежыць ад улады. Калі ўзгадаць сітуацыю з Аляксандрам Мехам, можна чакаць, што ў людзей з дэмакратычнымі поглядамі, якія трапілі ў камісіі, альбо намераны вылучацца кандыдатамі, у будучым могуць узнікнуць праблемы па працы. Мех не працуе. Яго беспрацоўным зрабіла ўлада. Менавіта праз кантрактную сістэму ажыццяўляецца ціск на сумленных людзей.

— Які ўплыў акруговых камісій на правядзенне выбарчай кампаніі?

— Уплыў акруговых камісій не трэба прымяншаць. Маючы мандат сябра акруговай камісіі можна шмат зрабіць. Акруговая камісія займаецца рэгістрацыяй кандыдатаў, прымае рашэнне пра іх папярэджанне, альбо зняццё. Сябра акруговай камісіі можа быць на адным з участкаў для галасавання, назіраць за падлікам галасоў і не дапусціць фальсіфікацый хоць на дадзеным участку.

— Як Вы ацэньваеце вынікі фарміравання акруговых камісій?

— Першы індыкатар дэмакратычнасці выбараў — нашы прапановы пастаноў ЦВК, якія былі адкінуты. Зараз фактычна адкінуты нашы прапановы па фарміраванню акруговых камісій. Я ведаю дакладна, што прэзідыум АДС будзе абмяркоўваць гэтую сітуацыю. Магчыма, што на акругах, куды не ўключылі прадстаўнікоў дэмсілаў, будзе прапанавана дэмакратычным кандыдатам зняць свае кандыдатуры. З майго пункту гледжання там улады не збіраюцца праводзіць выбары дэмакратычна. Магчыма таксама зняццё ўсяго спіса дэмакратычных кандыдатаў.

Наша рэакцыя на такія дзеянні ўлады будзе абавязкова. Мы лічым, што дэмакратычнасць маючых адбыцца выбараў пад вялікім сумневам, і будзем інфармаваць пра гэта міжнародную супольнасць і беларускіх выбаршчыкаў.

— Што далей?

— Вельмі важным этапам для нас будзе вылучэнне нашых людзей у сябры ўчастковых камісій. Мы будзем імкнуцца, каб дэмакратычныя актывісты трапілі ў камісіі тых акругаў, дзе балатуюцца моцныя дэмакратычныя кандыдаты і дзе ў акруговых камісіях ёсць нашыя прадстаўнікі.

Колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе ўчастковых камісій будзе трэцім тэстам для ўлады на дэмакратычнасць выбараў. Першыя два яна поўнасцю праваліла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?