14.01.2017 / 16:52

За тры дні замовілі больш за тысячу асобнікаў новай кнігі Арлова і Татарнікава 63

Ужо зразумела, што «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава разляціцца па ўсім свеце. Замовы прыйшлі з больш чым 10 краін: ЗША, Канады, Нямеччыны, Галандыі, Турцыі, Літвы, Бразіліі, Расіі і іншых.

Аўтары адзначаюць, што «Айчына» найперш адрасаваная дзецям і падлеткам. Але гэта не значыць, што яна будзе не цікавая дарослым, гэтая кніга — для кожнай беларускай сям’і.

«Калі мы працавалі над ёй, то ўяўлялі сваю аўдыторыю, і гэта наклала адбітак на сам тэкст, на яго стылістыку. Кожны аповед сканчваецца гістарычнай віктарынай, — распавядае Уладзімір Арлоў. — Што да мастацкага афармлення, то стаўка была зробленая на маляваныя ілюстрацыі, у адрозненне ад «Краіны Беларусь», дзе ілюстрацыйны матэрыял аўтэнтычны: мініяцюры лепапісавых хронік, гравюры, фотаздымкі…».

«Айчына» насамрэч маляўнічая: на 223 старонках размешчаныя 200 малюнкаў, сярод якіх 65 партрэтаў гістарычных асоб і каля 40 гістарычных панарам, што можна разглядаць гадзінамі.

«Усе ілюстрацыі створаныя Паўлам Татарнікавым. Гэта выдатная праца нашага найлепшага сучаснага мастака, які працуе з гістарычнай тэмай, — адзначае спадар Уладзімір. — Мне, аўтару кнігі, які ўжо шмат разоў меў справу з гэтымі ілюстрацыямі, і сёння надзвычай цікава іх вывучаць. Часам бяру лупу і разглядваю дэталі на панарамах нашых старажытных гарадоў. Мяне, як хлопчыка, які калісьці любіў гуляць у «жаўнерыкаў», хвалюе малюнак грунвальдскага поля. Бліскучая, на маю думку, панарама Клецка, пад якім князь Міхаіл Глінскі здабыў перамогу над татарамі ў 1506 годзе».

Пра кожную ілюстрацыю можна сказаць, што гэта выдатны мастацкі твор. Спадар Уладзімір гартае старонкі і пералічвае: панарама Хацінскай бітвы, дзе святкаваў вікторыю наш вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч; панарама бітвы пры Салісе, напэўна, адзіная ў нашай гісторыі марская перамога, якую атрымаў той самы гетман. А вось адна з залаў вялікакняскай канцылярыі, што месцілася ў віленскім Ніжнім замку. Тут мы бачым канцлера Яўстаха Валовіча, ягонага пераемніка на гэтай пасадзе, пакуль яшчэ падканцлера Льва Сапегу, вялікага пісара Габрыэля Войну з іншымі высокімі ўрадоўцамі.

Адна з залаў вялікакняскай канцылярыі, што месцілася ў віленскім Ніжнім замку. Фота tut.by

«Ніякіх ілюстрацый на гэтую тэму раней наогул не існавала. Тут Павел Татарнікаў неверагодна дакладна, да драбніц, перадаў агульную атмасферу, — акцэнтуе пісьменнік і гісторык. — У цэнтры залы стаіць шасцігранны стол-піраміда — вынаходка таго часу. Дарэчы, калісьці, да рэканструкцыі галоўпаштамта ў Мінску, такая піраміда была і там. На малюнку мы бачым пісараў розных аддзелаў. Апрача большасці, якія працуюць на дзяржаўнай старабеларускай мове, у левым кутку —пісары лацінскага аддзела, бліжэй да нас — татарскі і арабскі пісары. Злева стаіць варта, бо тут знаходзяцца дакументы дзяржаўнай значнасці. Дапамагаюць варце і каты, якія таксама знаходзяцца на вялікакняскай службе, ахоўваючы дакументы ад мышэй і пацукоў. Дарэчы, такая практыка ў некаторых архіўных установах захавалася і дагэтуль. У віктарыне, якая традыцыйна завяршае апавяданне, ёсць пытанне і пра гэтых чатырохлапых службоўцаў».

«Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» — гэта толькі першая частка. Цяпер ідзе праца над другой, што будзе ахопліваць перыяд ад страты радзімаю нашых продках сваёй незалежнасці у 1795 годзе да аднаўлення незалежнасці Беларусі ў 90-я гады XX ст.

Спадар Уладзімір выказвае падзяку за выдатную працу рэдактару кнігі Змітру Санько, дызайнеру і мастацкаму рэдактару Віталю Катовічу, карэктару Марыі Кавальчук і малодшаму рэдактару Уладзі Бурымскай. І, вядома, гэтага цудоўнага падарунка ўсім нам не было б без фундатара кнігі Паўла Бераговіча.

Аўтограф-сесія з удзелам Уладзіміра Арлова, Паўла Татарнікава і фундатара Паўла Бераговіча пройдзе ў «Акадэмкнізе» ў чацвер, 19 студзеня, ад 17.00 да 20.00.

Замовіць кнігу

Настасся Роўда, фота Сяргея Гудзіліна

1
алекс / Адказаць
14.01.2017 / 17:05
А катоў у канцэлярыі і праўда было так шмат?))
100
язэп / Адказаць
14.01.2017 / 17:08
Цяпер ідзе праца над другой, што будзе ахопліваць перыяд ===ад страты радзімаю нашых продках сваёй незалежнасці у 1795 годзе==== да аднаўлення незалежнасці Беларусі ў 90-я гады XX ст.http://nn.by/?c=ar&i=183693 ************************************************************** Про какую радзиму здесь идет речь?? В 1795 году произошло воссоединение земель бывшей Киевской Руси, земли которой растащили на куски, или авторы считают, что оккупация земель поляками и есть "наша" родина. Так пусть прямо пишут, что работают по заказу поляков для создания лживой истории. Уже на тему этой лживой книжонки высказывались здесь белорусские патриоты ранее. Не сделаете вы для нас братьями польскую шляхту, а простые люди и без ваших указок женятся и рожают общих детей.
11
Туся / Адказаць
14.01.2017 / 17:32
Я думаю. что там было много мышей, а для борьбы с ними было много котов.
Паказаць усе каментары/ 63 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру