Беларускія гоншчыкі паказалі на ралі-рэйдзе «Дакар-2017» найлепшы вынік за ўсю гісторыю сваіх выступаў. Экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага скончыў марафон на шостым месцы, паведамілі auto.tut.by ў кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды «МАЗ-СПОРТаўта».

Аляксандр Васілеўскі пабіў папярэдні рэкорд мазаўскай каманды. У 2015 годзе яго экіпаж заняў 10-е месца на «Дакары». Сёлета ралі-рэйд быў складанейшым, але і больш паспяховым за папярэднія марафоны — беларускія гоншчыкі занялі шостае месца, а каб патрапіць у пяцёрку наймацнейшых ім не хапіла ўсяго 8 хвілін.

Чэмпіёнам ралі-рэйду «Дакар-2017» стаў камазаўскі экіпаж пад кіраваннем Эдуарда Мікалаева. МАЗ Аляксандра Васілеўскага, заняўшы шосты радок у спісе «марафонцаў», саступіў яму прыкладна 2 гадзіны 35 хвілін. На другім месцы — расіянін Дзмітрый Сотнікаў, а замкнуў тройку галандзец Жэрар дэ Рой на Iveco.

Экіпаж МАЗа пад кіраваннем Сяргея Вязовіча ў агульным заліку заняў 13-е месца. МАЗ Аляксея Вішнеўскага завяршыў ралі-рэйд на 21-м месцы.

«Гэты «Дакар» стаў самым складаным і небяспечным ралі-рэйдам за апошнія гады. У ім было ўсё — і рэзкія перапады вышынь, і велізарныя дзюны, і анамальная спякота, і моцныя ліўні, якія месцамі ператварылі трасу ў гразкае месіва. Мазаўскія экіпажы яшчэ ніколі не выступалі на «Дакары» гэтак добра. Прычым з лепшага боку паказалі сябе як гоншчыкі, так і тэхніка. На сёння МАЗ — адзін з лепшых аўтамабіляў у свеце. Канкурэнцыю нам складаюць толькі КАМАЗ і Iveco. Можна сказаць, што мы прабіліся ў эліту сусветнага аўтаспорту, — адзначыў пілот і кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

Мінскі аўтазавод ўдзельнічаў у марафоне «Дакар» шосты раз. Ралі-рэйд прайшоў па тэрыторыях адразу трох краін — Аргентыны, Балівіі і Парагвая. Працягласць маршруту склала каля 9 тыс. км. У класе грузавікоў у ралі бралі ўдзел 50 экіпажаў, а да фінішу даехалі 42 машыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0