У жылой нерухомасці Мінска, калі браць усю гісторыю незалежнасці краіны, было два пікавыя росты продажаў кватэр. У 2003 годзе, калі продажы склалі 12.386 здзелак. Пасля гэтага піку продажы пайшлі на спад і аднавіліся толькі праз 10 гадоў — у 2013 годзе, дасягнуўшы зноў жа рэкорднай адзнакі ў 13784 прададзеных кватэры. Пасля 2013 года зноў жа пайшоў нязначны спад, пакуль зусім нечакана не «выстраліў» 2016 год, утварыўшы новую пікавую вяршыню.

Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у 2016 годзе ў Мінску было прададзена 15.011 кватэр, што на 14,2% (або на 1877 кватэр) больш за паказчык 2015 года. Столькі кватэр у беларускай сталіцы не прадавалася яшчэ ніколі. Гэта гістарычны максімум, які будзе пабіты не хутка, калі наогул будзе пабіты.

Эксперты адзначаюць два асноўныя моманты, значныя для продажаў кватэр у Мінску. Асноўную ролю тут адыгралі рэгіянальныя пакупнікі, якім стала па кішэні сталічнае жыллё па прычыне беспрэцэдэнтнага падзення коштаў. Менавіта наплывам рэгіянальных пакупнікоў тлумачыцца той факт, што на фоне значнага росту продажаў кватэр рынак загараднага прысталічнага жылля ў 2016 годзе, наадварот, абваліўся больш чым на чвэрць.

Так, калі ніштаватую двухпакаёвую кватэру ў Мінску сёння можна купіць за 40—45 тыс. даляраў, то дом з выгодамі пацягне не менш як на 70 тыс. даляраў. Іншымі словамі, рэгіянальныя пакупнікі, якія ў 2016 годзе склалі не менш за 25%, цалкам маглі дазволіць сабе кватэру ў Мінску, а вось загарадны дом ім па-ранейшаму не па кішэні. Гэта і адыграла сваю ролю ў тым, што рынак сталічных кватэр рос як на дражджах, а рынак загараднай нерухомасці працягваў падаць.

Другім фактарам росту стала тая акалічнасць, што ў 2016 годзе рынак дасягнуў свайго коштавага дна. На працягу года цэны мяняліся, але вельмі нязначна. А паколькі цэны на квадратныя метры перасталі падаць, пачаў працаваць адкладзены попыт і людзі, якія хацелі набыць кватэру, але чакалі больш выгадных цэнаў, пачалі рэалізоўваць свае задумы. Прычым кватэру па добрай цане, у добрым раёне можна было купіць і для вялікай сям'і.

Напрыклад, у снежні трохпакаёвая кватэра на вул. Гая, 18, плошчай 56,72 кв.м. была прададзеная за 54 тыс. даляраў. Прыблізна столькі ж (116 тыс. рублёў) каштавала маленькая трошка і на Казлова, 20Б — гэта значыць, у самым цэнтры Мінска.

Зрэшты, па-ранейшаму ёсць і іншага плана здзелкі, на які таксама ўплываюць тэндэнцыі рынку, але яны заўсёды адзінкавыя. У снежні пентхаўс-студыя на Старажоўскай, 6, плошчай 252 квадратныя метры, быў прададзены за 458,6 тыс. даляраў.

Варта адзначыць, што калі рэгіяналы забяспечвалі попыт у першай палове мінулага года, то адкладзены попыт пачаў працаваць якраз у другой. Прасцей кажучы, забяспечыўшы рост попыту, рэгіяналы далі зразумець усім, што далей чакаць падзення рынку не мае сэнсу і, да таго часу як рэгіянальны попыт пачаў зніжацца, падключыўся попыт адкладзены.

У адрозненне ад сталічнага рынку, продажы кватэр у рэгіёнах падаюць ужо трэці год запар, і, падобна, гэта падзенне не хутка спыніцца. Нягледзячы на ўсе прыманыя ўрадам меры, рэгіёны па-ранейшаму адчуваюць праблемы як з добра аплатнай работай, так і з ростам насельніцтва.

Паводле дадзеных НКА, за 2016 у Беларусі, за выключэннем Мінска, было прададзена 31426 кватэр, што на 13,1% менш, чым у 2015 годзе (36149 кватэр). Калі параўноўваць з 2014 годам (38024 кватэры), то падзенне ўвогуле складзе 17,4%.

Цалкам відавочна, што продажы кватэр у рэгіёнах і далей будуць асядаць: для росту проста няма ніякіх перадумоў.

Сталічны рынак кватэр прааналізаваць значна складаней. З аднаго боку, ён цяпер быццам бы на ўздыме. Але з іншага боку, у мінулым годзе шмат хто задаволіў свой попыт, таму ў 2017 годзе могуць узнікнуць цяжкасці з рэалізацыяй. Хутчэй за ўсё, попыт яшчэ будзе дастаткова высокім у першай палове года, а ў другой палове выраўняецца і зафіксуецца на нармальным узроўні — парадку 1 тыс. здзелак на месяц.

У адрозненне ад попыту, цэны на сталічныя кватэры пачнуць расці ўжо ў першай палове года, а ўжо бліжэй да канца павінны таксама зафіксавацца на нармальным узроўні, упэўненыя эксперты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?