Паўабаронца зборнай Беларусі афіцыйна стаў гульцом «Барсэлёны». Пра гэта паведаміў Прессболу агент гульца Мікалай Шпілеўскі.

Тэрмін пагадненьня склаў чатыры гады. Паводле інфармацыі газэты «Marca», у кантракце Глеба ёсьць пункт пра магчымасьць выкупу беларуса ў «Барселёны» за 90 млн. эўра. «Арсэналу» будзе заплачана 15 млн эўра «адступных».

Зазначым, што мінулы сэзон «Барса», паводле яе мерак, праваліла, заняўшы трэцяе месца, і прапусьціўшы наверх ня толькі адвечнага ворага мадрыдзкі «Рэал», але й «Вільярэал». Адзіным вынікам у Гішпаніі лічыцца чэмпіёнства. У Лізе чэмпіёнаў каталёнцы дайшлі да паўфіналу, дзе саступілі пераможцам Лігі «Манчэстару Юнайтэд».

Глеб у сераду заявіў, што хоча выйграць з новым клюбам усе трафэі. Беларускі паўабаронца стаў пятым навічком каталёнскага клюбу. Новы трэнер, слаўны ў мінулым футбаліст Хасэп (Пэп) Гвардыёла ўжо набыў Даніэла Алвэса, Марціна Касэрэса, Сейду Кейта і Херара Піке. Каркурэнцыя ў клюбе, дзе ў паўабароне гуляюць Ін'еста і найлепшы футбаліст чэмпіянату Эўропы 2008 Хаві, будзе ня слабай.

***

У траўні меркавалася, што Аляксандар Глеб з лёнданскага «Арсэналу» перабярэцца ў мілянскі «Інтэр», куды яго клікаў трэнер Рабэрта Манчыні. Але Манчыні паказалі на дзьверы, і кіраўніцтвам чэмпіёнаў быў запрошаны на трэнерскі мосьцік Жазэ Мурынью, які адразу адмовіўся ад ідэі скарыстацца паслугамі беларуса.

У «Арсэнале» Глеб правёў тры сэзоны, але так і не здабыў чэмпіёнства Англіі. За «кананіраў» Аляксандар правёў 130 матчаў і забіў 10 мячоў. Да Англіі беларус правёў пяць сэзонаў за «Штутгарт» (175 матчаў, 19 мячоў).

Чэмпіянат Гішпаніі стартуе пры канцы жніўня. «Барса» першы паядынак першынства правядзе 31 жніўня ў гасьцях супраць «Нумансіі», скончыцца чэмпіянат 31 траўня. Але ўжо 24 ліпеня «Барса» правядзе таварыскі матч з шатляндзкім «Хібэрніянам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?