Аляксандр Лукашэнка правядзе сёння афіцыйныя перамовы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы і члены афіцыйнай дэлегацыі прыбылі ў Хартум напярэдадні. На перамовах лідараў дзвюх краін плануецца абмеркаваць перспектывы і асноўныя напрамкі развіцця беларуска-суданскіх адносін, вызначыць канкрэтныя крокі па іх пашырэнні. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням эканамічнага супрацоўніцтва.

Плануюцца таксама сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з віцэ-прэзідэнтам Судана Хасабу Абдэльрахманом і старшынёй Нацыянальнай асамблеі Ібрагімам Амерам.

У сталіцы Судана 17 студзеня таксама пройдзе беларуска-суданскі дзелавы форум. Згодна з яго праграмай, удзельнікаў мерапрыемства чакае прэзентацыя інвестыцыйных магчымасцяў Судана, перспектыў прамкааперацыі з кампаніямі гэтай краіны. Размова пойдзе і аб супрацоўніцтве ў нафтавай сферы Судана, аграрным сектары. Акрамя таго, будуць разгледжаны магчымасці працы ў Беларусі для суданскіх кампаній.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0