Рыгор Васілевіч

17 ліпеня лідэры апазіцыйных партый перадалі генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу адозву з просьбай аб неадкладнай сустрэчы.

Яны прапануюць абмеркаваць сітуацыю, што складваецца ў Беларусі ў перыяд парламенцкай выбарчай кампаніі. Прадстаўнікі дэмсіл, у прыватнасці, маюць намер звярнуць увагу генпракурора на няспынны ціск, які ўлады аказваюць на актывістаў дэмакратычнага руху — удзельнікаў выбарчай кампаніі.

У адозве, у прыватнасці, зазначаецца: "У апошнія некалькі тыдняў у Беларусі ўзмацніўся ціск на грамадзян, што з'яўляюцца членамі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія вырашылі скарыстаць сваё канстытуцыйнае права і ўзяць удзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу".

"Палітычныя рэпрэсіі асабліва ўзмацніліся пасля выбуху ў Мінску ў ноч на 4 ліпеня, — падкрэсліваецца ў адозве. — Гэтае злачынства, арганізатары і выканаўцы якога не ўстаноўлены, улады выкарысталі для запалохвання дэмакратычных актывістаў. Выклікі ў КДБ і допыты прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі падлічваюцца ўжо дзесяткамі".

Аўтары адозвы просяць Р.Васілевіча аб неадкладнай сустрэчы для таго, каб "спыніць палітычныя рэпрэсіі". Пры гэтым яны заяўляюць аб гатоўнасці прадаставіць у органы пракуратуры ўсе матэрыялы, якія пацвярджаюць факты ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

Пад адозвай падпісаліся лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін і першы намеснік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Дакумент быў перададзены намесніку начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян Генеральнай пракуратуры. Перадаючы ліст, С.Калякін звярнуў увагу на тое, што ў гэтым выпадку падпісанты звяртаюцца да генпракурора не як грамадзяне, а як лідэры палітычных суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, таму яны хацелі б, каб сустрэча адбылася як мага хутчэй.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0