Рух «За Свабоду» распачаў кампанію ў падтрымку жыхароў Беларусі, абвешчаных дзяржавай «дармаедамі», паведамляе прэс-служба.

«Дэкрэт № 3 — гэта нонсэнс, нідзе ў Еўропе няма падобных мераў, якія прымяняюць да беспрацоўных. Беларускія ўлады ўсё не могуць прызнаць, што адсутнасць работы — не віна, а бяда чалавека, а фрылансер па сутнасці нічога не вінаваты дзяржаве, бо выплачвае, напрыклад, ПДВ», — пракаментаваў кампанію старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Мы гатовыя дапамагчы тым, хто гатовы пазмагацца з дзяржавай і давесці справу да Камітэта па правах чалавека», — дадаў Губарэвіч.

Юрысты Руху «За Свабоду» гатовыя дапамагчы ў падрыхтоўцы скаргі ў падаткавую і пракуратуру, а таксама прайсці ўсе судовыя інстанцыі.

***

Нагадаем, што 12 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, якім ўнесены змены ў дэкрэт «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства». У дэкрэце ўдакладнілі спіс тых, хто не павінен плаціць падатак за няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Да дармаедаў не будуць адносіць членаў нацыянальнай зборнай па відах спорту, таго, хто праходзіць альтэрнатыўную службу. А вось беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці або праходзяць навучанне па накіраванні органа па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, не будуць адносіць да дармаедаў толькі «пры адсутнасці устаноўленых фактаў парушэння імі абавязкаў у галіне занятасці насельніцтва».

Найбольшую дыскусію выклікаў пункт, што бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, не будуць плаціць падатак на дармаедства толькі ў тым выпадку, калі дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю.

Мясцовыя выканаўчыя або распарадчыя органы могуць вызваляць ад выплаты збору тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Таксама на мінулым тыдні паведамлялася, што Мінпадатку разаслала 400 тыс. «лістоў шчасця» — паведамленняў аб неабходнасці выплаты падатку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?